На гродзенскім тэлебачанні ў каталікоў з’явілася ўласная праграма
Як распавёў “Твайму стылю” прэс-сакратар Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі кс. Павел Салабуда, перадача ў першую чаргу заклікана асвятляць рэлігійнае жыццё каталікоў на Гарадзеншчыне.
Кс.Павел:
– “Сімвал веры” будзе выходзіць раз на 2 тыдні, па аўторках.
Наша наступная перадача распавядзе пра пілігрымку ў санктуарыюм у Капцёўцы, пасля падрыхтуем матэрыял пра першую святую камунію, пра семінарыйнае жыццё.
Пастараемся звязваць выпускі “Сімвала веры” з вялікімі святамі.
Пакуль гэта выглядае як агляд падзей з каментарамі, а ў перспектыве хочам рабіць перадачу ў стыле ток-шоў, запрашаць у студыю гасцей, абмяркоўваць цікавыя для гледачоў тэмы.
Падрыхтоўкай “Сімвала веры” займаецца каталіцкая студыя тэлебачання (секцыя створаная пры Гродзенскай епархіі) сумесна с тэлерадыёкампаніяй.
Кс. Павел узгадаў, што калісці рэлігійная каталіцкая перадача на гродзенскім тэлебачанні ўжо выходзіла, а пасля зачынілася.
У апошні час вернікі асабліва часта пыталіся, чаму ў Мінску, Віцебску ёсць каталіцкія перадачы, а ў Гродне няма.
Над вырашэннем праблемы Гродзенская Каталіцкая Епархія разам з гарадскімі ўладамі працавала каля году.
Каталіцкая перадача на канале “Гродна Плюс” будзе чаргавацца з праваслаўнай.
Епархіяльны адказны за супрацоўніцтва з СМІ а.Андрэй Яварэц, распавёў, што ў дадзены момант распрацоўваецца фармат перадачы:
– Перадача “Каложскі дабравест” выходзіла на канале “Гродна Плюс” і мела свайго гледача.
Аднак яе распрацоўшчык перайшоў працаваць на абласное тэлебачанне, там цяпер і выходзіць праграма ў звыклым фармаце, але пад іншай назвай.
Праваўладальнікам назвы “Каложскі дабравест” застаўся канал “Гродна Плюс”, таму зараз мы працуем над тым, каб зрабіць перадачу наноў, у новым фармаце, з новымі тварамі.
Перадача будзе прысвечаная Праваслаўю і яго пераламленню ў культурнай сферы.. .
Хацелася б асвятляць і падзеі вакол Праваслаўя, паказваць нашы ініцыятывы ў сацыяльнай і грамадскай сферах.
У цэнтры праграмы, на думку а.Андрэя, павінна быць дыскусія: пытанні-адказы, элементы прамога эфіру, можа магчымасць дасылаць пытанні праз інтэрнэт. Няхай гэта будзе 20 хвілін, але жыва і актуальна: людзі, факты, каментары.
Хто будзе рэжысёрам, хто вядучым перадачы пакуль да канца не вызначана, хаця людзі ёсць.