Памяці Каханоўскага
Пра Яна Каханоўскага ў адным са сваіх твораў піша Аляксей Карпюк:
“Аднойчы рыбакі ў Нёмане каля Лунна заўважылі збітага, слабога бабра, які, мабыць, да смерці біўся з выдрай. З глыбіні гісторыі ў нашага народа вызначылася стаўленне да гэтага звярка: “Калі заб’еш бабра, то не будзе табе дабра”.
Стаяўшыя на беразе ракі людзі, параіўшыся, вырашылі апавясціць аб гэтай маленькай драме настаўніцу мясцовай школы Рэйнгард. А тая, нядоўга думаючы, адправіла ў Гародню прафесару біялогіі мясцовай гімназіі Яну Каханоўскаму кароткую тэлеграму: “Жывы бабёр. Прыязджайце”.
Не мінула і гадзіны, калі Каханоўскі прыбыў у Лунна.
Разам з рыбакамі і мясцовымі дзецьмі звярка атрымалася выцягнуць з вады. Біёлаг перавязаў яму раны і павёз у Гародню. А праз нейкі час побач зачунялым бабром у жывым кутку гімназіі з’явіліся клеткі з зайцамі, вожыкамі, казой. І нават з ваўком і барсуком. Гэта і былі першыя пасяленцы будучага Гарадзенскага заапарка”.
Гэты ўрывак быў прапанаваны гарадзенцам на леташняй Агульнанацыянальнай дыктоўцы.
Яшчэ некалькі цікавых гісторый пра Яна Каханоўскага распавядаюць гарадзенцы.
Паводле адной з іх, ён быў адным з першых, хто выйшаў з гарадзенскай турмы 22 чэрвеня 1941 года, калі на Гродна ўпалі нямецкія авіябомбы.
Аднак час нямецкай акупацыі Яну Каханоўскаму перажыць не ўдалося.
20 кастрычніка 1942 года яго расстралялі на тэрыторыі фарта №2.
Гараденцы распавядаюць пра тое, што ён аддаў сябе ў закладнікі замест свайго старога знаёмага, дырэктара пачатковай школы Антона Вевюрскага, у якога была вялікая сям’я.
Пасля гібелі выкладчыка мужчынскай гiмназii і заснавальніка заапарку Яна Каханоўскага, яго парэшткі, знойдзеныя мясцовымі жыхарамі, перапахавалі на гарадзенскіх каталіцкіх могілках.
Яго імём названая адна з гарадзенскіх вуліц.