Як я працавала прамоўтэрам

|

Самым складаным у працы было тое, што ў школе я вучуся да 14.00, а на працы трэба было быць у 12.00! А яшчэ рэпетытары, хатнія заданні і шмат розных іншых спраў…

Дзень першы

Сонца, шмат энергіі і захаплення тым, што я ўжо зусім дарослая, каб працаваць. На апошнія ўрокі не пайшла, настаўнікі не злыя, сказала, што дрэнна сябе адчуваю. На працу не спазнілася, пачакала сваю начальніцу, выслухала кароткае апавяданне пра тое, што я павінна рабіць, атрымала прыгожую форму. Усё спадабалася. Праца пачалася. Сутнасць маёй дзейнасці складалася ў тым, што, калі чалавек набывае сабе пэўную прадукцыю, я павінна даць яму падарунак і яшчэ расказаць пра тое, што гэта правільны выбар. Дзень праляцеў, як адна хвіліна. Шмат твараў, шмат усмешак, жудасна стомленыя ногі і адсутнасць сілаў. Пасля працы – рэпетытар. Ледзве дапаўзла да дому.

Дзень другі

Усю раніцу імкнулася ўзгадаць, як называлася «учарашняя» гандлёвая марка. Не атрымалася. Шмат сіл, каб аддаць іх працы. Школа. Зноў не пайшла на апошнія ўрокі, сказала, што трэба ісці да ўрача. На працу не спазнілася, павіталася з усімі знаёмымі прадаўцамі, надзела фартук і – за працу. Дзень прайшоў не так хутка, як першы, але ўсё ж такі пасядзець не давялося.

У канцы дня я ўжо ведала, дзе ў той краме таркі, пэнзлі і мыла. Прадавец упэўнівала мяне, што сядзець на працы да канца ня трэба, але я адмовілася. Дый страшна. Павінна ў 20.00 скончыць, значыць у 20.00. Дадому прыйшла стомленая і адразу лягла спаць.

Дзень трэці

Тры дні хадзіць па ўрачах я ўжо не магла, таму вырашыла сказаць у школе праўду, але ж не ўсю. Класны кіраўнік згадзілася пусціць мяне «на адзін дзень папрацаваць». На працу ішла заахвочана, але ўжо не так спяшалася. За час, які я працавала, я заўважыла, што натоўп людзей бывае толькі тады, калі перапынак на абед, або канец працоўнага дня, таму не бегла.

Людзей было мала, і таму – сумна. У канцы дня адчувала сябе бервяном, ад стомленасці валілася з ног. Пайшла дадому раней на 15 хвілін.

Дзень чацвёрты

Снілася крама, бытавая хімія і поўны мех падарункаў. Не пайшла ў школу. Трэба было заехаць на рынак, купіць сабе зручны абутак, бо стаяць увесь дзень складана. На працу не спазнілася. Хацелася спаць, атмасфера сумная і нейкая змрочная. У краму прывезлі тавар, прыйшлося дапамагаць прадаўцу на касе. Было нават цікава. У перапынак напісала малодшаму брату два сачыненні.

У канцы дня хацелася спаць і балела спіна. Пайшла з працы на 30 хвілін раней.

Дзень пяты

Не, толькі не на працу! А яшчэ трэба было ісці збіраць матэрыял на артыкул. Да дванаццаці гадзін хадзіла па горадзе, запісвала і шмат чым цікавілася. Спазнілася на паўгадзіны. Нават не турбавалася. У краме ўсе ўжо родныя і знаёмыя. Ведаю ўсю прадукцыю, дзе што ляжыць, каму чым дапамагчы і гэтак далей. Нагадаю, што мая праца – падарункі раздаваць. Дзень доўгі, нецікавы, а яшчэ і начальніца нейкая злая была. Тым жа вечарам мне трэба было ехаць у Мінск, таму без згрызот сумлення пайшла дадому. Спала ўжо ў цягніку.

Што я магу сказаць, працаваць добра, але ніякіх сіл на прыватнае жыццё не застаецца. Зараз я разумею сваіх бацькоў, якіх увечар нават нельга выцягнуць на вуліцу. Я прайшла невялікую школу жыцця, і, ведаеце, ніколькі не шкадую. Самае прыемнае, вядома, гэта тое, што грошай далі ў два разы больш, чым я чакала. Добрая замена маім намаганням!

Наста Аўдзей