Гальшаны як культурна-гістарычны цэнтр. На два дні.

Праграма фестываля мае быць вельмі цікавай і разнастайнай, хоць і разлічана ўсяго на адзін дзень, які пачнецца не зусім па-сярэднявечнаму – з парада рэтра-машын. Наведвальнікам фестываля прапануюць розныя забавы – выступленне тэатра «Фламея» у сярэдзіне дня і выступы гуртоў «Яварына», «Стары Ольса», «Тутэйшыя», «Унія» ды DJ П. Бальцэвіча ўвечары.

 

Фестываль прадугледжвае і актыўны ўдзел гледачоў у праграме – пройдуць майстар-класы не толькі сярэднявечных, барочных ды рэнесансных танцаў, але і народных. Будзе цікава даведацца, як танчылі ў беларускіх мястэчках. Ну, і як на любым іншым сярэднявечным фестывалі, на гэтым адбудуцца сапраўдныя рыцарскія баі, турнір лучнікаў, конныя спаборніцтвы ды традыцыйнае фаер-шоў.

 

Падчас мерапрыемства будзе працаваць выстава-продаж, дзе можна будзе не толькі набыць сувеніры, але самастойна нешта зрабіць сабе на памяць. Адзіны мінус – уваход на ўсе гэтыя мерапрыемства платны: для дарослых 40 тысяч беларускіх рублёў, для дзяцей і студэнтаў – 20 тысяч. Арганізатары абяцаюць, што ільготны квіток можна набыць нават па залікоўцы! Нажаль, больш высокія балы не прынясуць дадатковую зніжку.

 

Разам з фестывалем у Гальшанах таксама пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Пятыя Гальшанскія чытанні», якая будзе прысвечана гісторыка-культурнай спадчыне Ашмяншчыны і прымеркавана да Году кнігі. З гэтай нагоды на чытанні запрошаны беларускія пісьменнікі і дзеячы культуры.

 

Запланавана правядзенне некалькіх выстаў: унікальных і арыгінальных выданняў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, археалагічных рэчаў, якія былі знойдзены на тэрыторыі гальшанскага гарадзішча ў часавых прамежках ад папярэдняй канферэнцыі да бягучай, а таксама відэапрэзентацыя «Археалагічныя знаходкі з 2006 года да сённяшніх дзён».

 

Удзельнікі і госці мерапрыемства будуць мець магчымасць наведаць гальшанскае гарадзішча і прыняць ўдзел ў раскопках,якія якраз у гэты час там будуць праводзіцца. Рызынкай канферэнцыі стане прэм’ера сюіты «Гальшаны» кампазітаркі Ганны Кароткінай. Падрыхтоўка да мерапрыемства ідзе поўным ходам. Як зазначылі ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, вялікую ўвагу атрымаюць працы і даследаванні самых маладых удзельнікаў чытанняў.

 

Ужо зараз аб’яўлены рэгіянальны пленэр па выяўленчаму мастацтву сярод юных мастакоў Ашмяншчыны, Астравеччыны і Смаргоншчыны, а таксама сярод школьнікаў пройдзе конкурс на лепшае сачыненне , прысвечанае тэме канферэнцыі.

 

Вось так неспадзявана невялікае мястэчка Гальшаны ператворыцца ў сапраўдную гістарычна-культурную сталіцу, няхай і на невялікі час. А патрапіць туды можна на адным з рэйсавых аўтобусаў, якія ходзяць з Гродзенскага міжгародняга аўтавакзала, пачынаючы з 6.15 і да 17.30 у пятнцу і да 16.40 у суботу.

Ілюстрацыя: photoclub.by