Гродзенец вырабляў візы на хатнім кампутары
За добрую ўзнагароду 25-гадовы жыхар Гродна “адкрываў” візы нават не збіраючыся турбаваць консульства. Яму было дастаткова графічных рэдактараў, усталяваных на хатнім кампутары.
Хлопец раздрукоўваў “візы” на звычайнай паперы і ўклейваў у пашпарт.
Паводле супрацоўнікаў міліцыі, адрозніць падробныя візы ад сапраўдных можна было простым вокам, аднак удзячныя кліенты нічога не заўважалі.
Махляр прапаноўваў не толькі візы, але і кантракты на працу ў Гішпаніі, якія таксама вырабляў апісаным вышэй спосабам.
У адным з апошніх выпадкаў ён атрымаў ад трох пацярпелых каля 2 тысяч даляраў.
Калі пра супрацьпраўную дзейнасць гродзенца стала вядома міліцыі, падчас атрымання грошай ад чарговага кліента злачынцу затрымалі з дапамогай АМАПУ.
З кватэры падазраванага канфіскавана кампутарная тэхніка, электронныя носьбіты інфармацыі, некалькі пашпартоў з візамі і 15 тысяч фальшывых еўра, таксама вырабленых умельцам па месцы жыхарства.
Затрыманы ва ўсім прызнаўся, і патлумачыў, што пайшоў на злачынства, каб зарабіць.
Крымінальная справа распачатая па артыкуле “Махлярства”.
Кліентам махляра пашанцавала, што ніхто з іх яшчэ не спрабаваў выехаць за межы Беларусі на падставе фальшывых дакументаў.
Паводле http://uvd.grodno.by
Здымак http://www.newsfiber.com