Дзе знаходзіцца Джаконда?

|

Гульня праходзіць ужо ў 12 раз! Арганізатары праекту – супрацоўнікі Палацу творчасці дзяцей і моладзі. Каманда, якая ўдзельнічае ў гэтым марафоне, складаецца з 5-ці чалавек, якія павінны прабегчы па вызначаным маршруце і на кожным прыпынку адказаць на тры пытанні з гісторыі гораду.

Напрыклад, камандам запомнілася пытанне, якое задалі каля пажарнай вежы: «Дзе знаходзіцца гарадзенская Джаконда?». Для тых, хто зараз не на жарт задумаўся, скажу – адзін вядомы гарадзенскі мастак напісаў яе на пажарным дэпо, злева. Калі будзеце паблізу, не забудзьце на яе зірнуць.

З надвор’ем у дзень гульні пашанцавала: сонца свяціла так яскрава, што горад быў быццам засыпаны залатым пылам. Каманды былі ў выдатным настроі: і тыя, хто гуляў упершыню і тыя, хто «ў гульні» з самога яе нараджэння. Капітан каманды «Клуб краязнаўцаў Палацу» Аляксей сказаў нам, што са сваёй камандай гуляе ўжо трэці раз.

– А з якімі цяжкасцямі, Лёша, вам давялося сутыкнуцца падчас гульні?

– Па-першае, розная фізічная падрыхтоўка ўдзельнікаў каманды. Па-другое, часта бракавала вады, і каманда расцягвалася на вялікія адлегласці. Але сёння мы былі мэтанакіраваны толькі на перамогу!

– А як вы рыхтуецеся да гульні?

– Умовы гульні патрабуюць быць разумнымі, таму мы чыталі кнігі па гісторыі і архітэктуры Гродна.

Як усё адбывалася…

Мне не хапала цярпення апынуцца на месцы падзей, таму, як толькі каманды атрымалі заданні, я кінулася за імі. Праўда не адразу вырашыла, за кім бегчы і за каго «хварэць, таму панеслася наўздагад да Каложы. Там сапраўды павінна нешта адбывацца! Каля Каложы было падазрона ціха, а спакойны святар растлумачыў, што ніякіх гульняў тут праходзіць не можа. Ведаў бы ён, што Каложская царква проста заключны этап гэтай, падавалася б, хаатычнай лятаніны засяроджаных падлеткаў у квятастых кашулях!

Упэўніўшыся ў чарговы раз, што ў Гродна ўсё пачынаецца з замкаў, паплялася туды: азарт ужо знік, а другое дыханне яшчэ не адкрылася. Гэтым разам я не памылілася – там тоўпіўся народ. Зрэшты, народ не столькі тоўпіўся, колькі абдумваў адказ на пытанне: «Вядомы мастак Рэрых, пабываўшы каля Гродзенскіх замкаў, напісаў некалькі эцюдаў. Якую яны маюць назву?».

І тут я даведалася адразу пра два моманты: гістарычныя краявіды Рэрых назваў «Руіны горада Гродна», а прыступак на лесвіцы кахання ажно 126 штук.

Пасля «інтэлектуальна-мышачнага» забегу камандаў барацьбу працягнулі паміж сабой капітаны. Для кожнага быў падрыхтаваны слайд-малюнак Напалеона Орды, а па старых краявідах і архітэктурных будынках капітан павінен быў пазнаць сучасны будынак і распавесці пра яго усё, што ведае. Гэта было не лёгка, ды і самі арганізатары адзначылі, што летась па старых паштоўках было арыентавацца лягчэй. Яскравым выступам было апісанне слайда капітанам каманды СШ №10: ён не толькі пазнаў будынак, але і ў падрабязнасцях апісаў першы, другі і трэці планы прадстаўленай карціны і сарваў апладысменты залы.

Закрыццё было ўрачыстым і запамінальным: стомленыя каманды ўслухваліся ў кожнае слова выступоўцаў і спрабавалі апладзіраваць. А пры ўзнагароджванні амаль ніхто не застаўся без падарунку, кнігі па гісторыі Гродна набылі сваіх новых юных гаспадароў. Зазначу, што гарадзенскую моладзь ніхто сілай на такія мерапрыемствы не цягне, падлеткі імкнуцца даведацца пра свой горад як мага больш.

Лізавета Гарохава

На фота: збор перад пачаткам гульні