У пошуках таннага малака: дзень сённяшні і рэтра-погляд
І станем мы ўсе багатыя, заробак падымецца, эканоміка запрацуе, кошты раптоўна знізяцца. Толькі трэба пачакаць. А пакуль… Пакуль просты беларус бегае па крамах у пошуку больш танных прадуктаў, каб хоць на нечым сэканоміць.
Мая сяброўка вывучыла ўсе графікі прывозу малочнай прадукцыі ў навакольных крамах, але часцяком не трапляе на таннае малако ды кефір, бо, прыходзячы ў краму, назірае такую карціну – адныя і тыя ж бабулі набываюць па 8-10 пакетаў таго самага таннага малака. Няма чаго дзівіцца. З яго, як аказалася, можна нарабіць і тварагу, і блінцоў спячы, і нават замарозіць.
Аб гэтым мне і распавяла адна з такіх бабуляў, цягнучы тры пакеты малака да касы. А таксама, падзялілася яна сакрэтам: шмат хто з пенсіянерак набывае малако суседзям. Не бясплатна, канешне. Але што тут скажаш – не паспеў на прывоз: калі ласка, купляй амаль па 7 тысяч рублёў за літр. Так, тлустасць розная – адрозненне ў адзін працэнт, а па кошце амаль ў тры разы! Цікавая арыфметыка.
Тым не менш некаторыя газеты радасна адрапартавалі – яшчэ ў красавіцкім падвышэнні коштаў ёсць і добры бок: замарозіліся цэны на малочную прадукцыю з высокай тлустасцю і рознымі дадаткамі, таму што закупачныя кошты на яе, у тым ліку з дабаўкамі і напаўняльнікамі, не павінны перавышаць ўзровень, устаноўлены 29 красавіка. Усё так. Але не прайшло і паўмесяца, і мы даведваемся яшчэ пра адно падвышэнне коштаў. У выніку атрымліваецца, што амаль за два месяцы лімітавыя максімальныя адпускныя кошты на каровіна малако і кефір падвысяцца на 20 адсоткаў. На сметану да 25% і тварог тлустасцю да 9% таксама.
Ці з’явіццца тады тое таннае малако на паліцах нашых крамаў? Здаецца, што не. Падвышэнні не вырашаюць праблему. Тым больш, спыняцца на травеньскіх коштах ніхто не будзе. Як сказаў у чацвер у Мінску на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Казакевіч: «Сёння не чакаецца скачка цэн, але, па меры росту заработнай платы і ў рамках праграмнай інфляцыі, будзе плаўнае падвышэнне коштаў».
З 13.00 да 14.00 у краме каля майго дома завоз малочнай прадукцыі. Адмыслова туды накіроўваюся. У 13.05 забіраю два апошніх пакета. Не, марозіць не буду – з маленькім дзіцём гэта проста немагчыма. Пытаюся ў прадаўшчыцы «А гэта ўсе? » – «Так, больш таннага малака на сёння не будзе. А кефіра ды ўвогуле не прывезлі…». Пасля мяне нешчасліўцы набываюць «дарагое»…
Пустыя паліцы, асабліва ўвечары, сталі для нас цалкам натуральнай з’явай. Аднак ні пакупнікоў, ні самі крамы гэта не задавальняе. У размове з працаўнікамі адной з крам «Еўраопту» даведваюся, што ім таксама прывозяць таннае малако адзін раз у суткі, аднак яны гэтую партыю раздзяляюць на два разы. А яшчэ кажуць, што вельмі дрэнныя пакеты сталі, асабліва ў гродзенскага вытворцы – выліваецца малако, адчувальную частку каштоўнага прадукту вяртаюць.
Хтосьці са знаёмых сказаў, што цяперашняя сітуацыя ў чымсьці вельмі нагадвае тое, што адбывалася ў савецкія часы. Ну, вось, падумалася з лёгкім сумам, жыццё старэйшага пакалення прайшло ў нейкіх чэргах, і гэтае, наша, таксама – няспынная гонка на выжыванне.
Вольга Камягіна
У пошуках малака. Рэтра-погляд
А вось як гэта было ў нядаўнія савецкія часы. У сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя ў Іўі, дзе я тады жыў, набыць любыя малочныя прадукты было штодзённым галаўным болем. Жыхары пасёлка ледзь не з самай раніцы займалі чаргу. Прыдзе з Ліды машына ці не, прывязуць што-небудзь ці не.
align=”left” >І яшчэ адно пытанне цікавіла ўсіх: у якой тары будзе малако? Калі разліўное, нармальна, усе прыходзілі з бітончыкамі. Калі ў пластыкавых пакетах, не вельмі добра, некаторыя найбольш спрытныя пакупнікі бралі па пяць-сем пакетаў, на ўсіх можа не хапіць, ды і самі пакеты былі часцяком няякасныя, малако цякло белымі ручаямі. Так што, цяперашнія бабулі, што выхопліваюць з рук таннае малако, прайшлі добрую загартоўку яшчэ ў савецкія часы. Дарэчы, тады яны лаялі тагачасных бабулек за тое ж самае. Вось так і адбываецца ў нас «дарвінаўскі адбор».
Накал эмоцый у Іўеўскім малочным магазіне быў такі, што аднойчы ён, магазін, не вытрымаў і… разваліўся. У прамым сэнсе, дзякуй Богу, гэта адбылося перад пачаткам яго работы, калі ў памяшканні нікога не было.
Крыху лепшая сітуацыя з малочнымі прадуктамі была ў Гродне, Лідзе, Слоніме, іншых гарадах. Аднак у тым жа абласным цэнтры вечарам альбо ў выхадныя ў малочным аддзеле можна было патрапіць проста на пустыя паліцы. Часамі, як, напрыклад, у пачатку 80-х, на некалькі дзён мог поўнасцю знікнуць, дапусцім, кефір. І раптоўна потым з’явіцца.
У канцы праўлення дарагога Леаніда Ільіча Брэжнева ў гродзенскіх магазінах дэфіцытным зрабілася сметанковае масла, якое ў нашым горадзе з’явілася ў свабодным продажы толькі тады, калі над краінай заззялі акуляры Юрыя Ўладзіміравіча Андропава. Масла вярнулася на прылаўкі паўсюдна ў адзін дзень, прычым, было чамусьці больш таннае, чым раней. Так што, не толькі славутай «андропаўкай» запомніўся гэты правадыр. Беларус у савецкія часы лічыў, што недарагім малаком і батонам ён зможа неяк перабіцца, дажыць да лепшага жыцця.
Цяпер жа відавочна, што танныя малако ды кефір назаўсёды знікаюць з нашага жыцця, пераходзячы, як і ўсе астатнія прадукты, у разрад далікатэсных.
Дарэчы, быў адзін момант у савецкім мінулым, калі я бачыў сапраўднае малочнае багацце ў магазінах. У ранку і вечарам свабодна стаяла малако, кефір, вяршкі, яшчэ нешта, быццам з іншага жыцця, дзіўнае малочнае. І ніхто не ламіўся да прылаўкаў, не было аніякага ажыятажу… Гэтая неверагодная з’ява працягвалася некалькі дзён пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Улічваючы, што гісторыя час ад часу паўтараецца, можа быць, мы яшчэ ўбачым таннае малако ў нашых крамах…
Юры Камягін
Фота на застаўцы (news.tut.by): у часе адкрыцця чарговай крамы сеткі «Еўраопт»;кніга пра смачную і здаровую ежу 1954 год выдання