На бройлернай фабрыцы “Прагрэс-Верцялішкі” загінулі 4500 куранят

|

У службу МНС у 20.55 патэлефанаваў інжэнер бройлернай фабрыкі.

На выклік у в.Галоўнічы Гродзенскага раёна накіраваліся 6 пажарных разлікаў.

 

Калі выратавальнікі прыбылі на месца, у памяшканні было моцнае задымленне, гарэла саламяная падсцілка на плошчы 30 м.кв.

Супрацоўнікі МНС разам з персаналам фабрыкі эвакуявалі куранят і адначасова змагаліся з агнём.

 

У цагляным будынку памерам 18х100 метраў, якое выкарыстоўвалася для ўтрымання бройлерных куранят, знаходзіліся 30 тысяч аднаднеўных птушак.

 

Паводле прэс-сакратара Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталлі Жывалеўскай пажар быў ліквідаваны ў 21.23.

Над высвятленнем яго прычын працуе спецыяльная камісія. Пакуль версій некалькі ад самаўзгарання саломы да праблем з праводкай.

У выніку пажару 4500 куранят, якія знаходзіліся бліжэй да вагню, задыхнуліся, пашкоджана электраправодка, будынак не пацярпеў.

 

Усяго на тэрыторыі бройлернай фабрыкі 12 будынкаў, дзе адначасова можа гадавацца 140 тысяч куранят.

 

Паводле http://112.by