У Гродне ўлады сарвалі мерапрыемства «Маладога фронта»

За некалькі гадзін да пачатку сустрэча была забароненая. Міліцыя і Гродзенскі гарвыканкам папярэдзілі арганізатараў пра незаконнасць мерапрыемства. Арганізатарам імпрэзы было Гарадзенскае аддзяленне «Маладога Фронту» (пры падтрымцы Асамблеі НГА, Літва).

 

Сутнасць прэтэнзій з боку ўладаў была ў тым, што, па-першае, “Малады Фронт” не зарэгістраваны міністэрствам юстыцыі Беларусі і таму дзейнасць арганізацыі забароненая, а, па-другое, для арганізацыі выступа музыкаў (канцэрта) неабходна мець дазвол на гэта. Каб не ствараць непрыемнасцяў для ўдзельнікаў і гасцей вечарыны, арганізатары палічылі за лепшае пакуль адмяніць мерапрыемства.

 

Меркавалася, што на вечарыне ў арандаваным памяшканні па вул.Будзёнага 48а можна будзе паслухаць добрую музыку і атрымаць пуцяводнік па гродзенскіх мясцінах Каліноўскага.

***

Пра забароненую вечарыну распавядае яе арганізатар Алесь Кіркевіч, намеснік старшыні «Маладога Фронту».

 

– Відавочна, у апошнія два дні стала зразумела, што вечарыны не будзе. Спачатку папярэдзілі Дзянісава ва ўпраўленни культуры Гарадзенскага гарвыканкама. Такі там ёсць спадар Вайтуляніс. .. Пасля мне званілі з міліцыі некалькі разоў, і яшчэ – ўчастковы. Вызывалі на гутарку, на якую я не пайшоў. Апошняй кропляй было тое, што з гарвыканкама і з іншых структур «наехалі» на ўладальніка памяшкання і фактычна ён адмовіў нам у прадстаўленні кабінета. Мы мелі з гэтым чалавекам прыватную размову, з якой стала зразумела, што творчую сустрэчу нам правесці не дадуць. Каб не прывесці людзей ў «пастку», мы вырашылі скасаваць мерапрыемства.

 

Пра забарону і далейшыя выступы распавядае Алесь Дзянісаў, вакаліст і лідар гурта «Кальян»:

 

– Вечарына не адбылася па двух прычынах: нібыта з-за таго, што гэта «канцэрт, хаця было заяўлена, што гэта менавіта вечарына. Маўляў, на любы канцэрт трэба браць ліцэнзію і г.д. Другая прычына ў тым, што мы падтрымалі «Малады Фронт». Гэта арганізацыя незарэгістраваная? і за ёй зараз пільна сочаць. Сама ідэя імпрэзы мне вельмі спадабалася. Помнік Каліноўскаму ў Гродна – гэта тэма, якая, як мне здаецца, павінна кранаць кожнага. Каліноўсякі – такая гістарычная асоба, якая блізкая ўсім: і анархістам, і «левым», і «правым».

 

Алесь Дзянісаў плануе выступіць наступным разам у Гродна на Фестывалі моладзевай журналістыкі, а выступ аднаго з праэктаў Алеся Дзянісава пад назвай «Людзі на балоце» запланаваны на 26-е траўня.

 

align=”left” >– Мы пакуль не ведаем, што рабіць з «Кальянам» далей. На анархічным «опен эйры, які адбыўся пад Мінскам, мы сыгралі 9 песень . «Людзі на балоце» – гэта больш мой праэкт. Першы альбом, які мы амаль што запісалі – гэта альбом, які будзе прысвечаны антыбальшавіцкім паўстанням, пры гэтым не будзе ніякіх герояў, ніякіх постацяў, гэта будзе погляд простых людзей на тое, што адбывалася ў Беларусі. Погляд на падзеі, якія замоўчваюцца…

Паралельна мы будзем пачынаць новыю праграму, прысвечаную заходнебеларускім паэтам. Ёсць шмат песень, якія напісаны на словы Дануты Бічэль, Андрэя Пяткевіча, нават на словы Максіма Танка. І на тыя канцэрты, што мы збіраемся ладзіць у чэрвені ў Беластоку, Варшаве і Гайнаўцы, паспрабуем зрабіць новыя кампазіцыі.