Адбыліся першыя фестывальныя майстар-класы

Майстар-класы ад вядомых журналістаў з Беларусі, Украіны, Польшчы сталі адным з ключавых момантаў ІІІ Фестываля моладзевай журналістыкі. Уражаннямі ад сумеснай працы падзяліліся ўдзельнікі і вядучыя заняткаў.


Уражанні вядучых

 

Вадзім Шмыгаў, БелаПАН, вядучы майстар-класа “Замест словаў: Data-journalism і візуалізацыя дадзеных”:

Я здзіўлены тым, што ўсе слухачы майстар-класа вельмі дысцыплінаваныя і ніхто не выйшаў да сканчэння занятку. Прыемна, што ва ўсіх быў бачны агонь у вачах і шчырая зацікаўленасць тэмай.

 

Марына Клінава, SourceFabric, вядучая майстар-класа “Свабодныя праграмныя інструменты для лічбавай журналістыкі”:

Я планавала больш практычны занятак з выкарыстаннем прэзентаваных мной інструментаў. Але нават тэарэтычны расповед, спадзяюся, будзе карысны слухачам. Прыемна ўразіла іх шчырая зацікаўленасць тэмай і сэнсоўныя пытанні.

 

Віталь Мароз, MediaNext, Украіна, вядучы майстар-класа “25 крэатыўных ідэй для кантэнта і дызайна інфармацыйнага онлайн-выдання. Сустрэча ў межах онлайн-Клуба новыя медыя By_HUB”:

Мне вельмі падабаецца і сам фестываль, і ваш горад. Што тычыцца майстар-класа – прыемна ўразіла, што атрымалася размова не настаўніка з вучнямі, а вядучага з людзьмі, якія вельмі добра арыентуюцца ў тэме. Мне вельмі спадабалася аўдыторыя – вельмі талковыя дзяўчаты і хлопцы, ад якіх я падпітваўся пазітыўнай энергіяй.

 

Сяргей Гарбачоў, кіраўнік інфармацыйнага цэнтра “КоммерсантЪ-Украина”, вядучы майстар-класа “Кухня дзелавой журналістыкі: патрабаванні да маладых журналістаў. Сустрэча ў межах онлайн-Клуба новыя медыя By_HUB”:

Такія фэсты для мяне – гэта заўсёды карысная, як для журналіста, магчымасць прафесійнай камунікацыі. Што тычыцца майстар-класа – гэта яшчэ і зваротная сувязь з боку маладога пакалення журналістаў. Дзякуючы жывой размове з беларускімі калегамі я лепш разумею спецыфіку журналістыкі ў вашай краіне і магу параўнаць яе з украінскай.

 

 

Уражанні ўдзельнікаў

 

Юры, Гродна:

Вельмі насычаная праграма майстар-класаў. Нягледзячы на тое, што інфармацыі вельмі шмат, яна ўспрымаецца добра дзякуючы майстэрству вядучых.

 

Алесь, Брэст:

Я пазнаёміўся з карыснымі і даступнымі інструментамі для лічбавай журналістыкі. Дзякуй вядучай за тое, што прэзентацыю падрыхтавала такім чынам, што ўсе слухачы змаглі лёгка знайсці іх у сеціве і навучыцца карыстацца.