Гродзенскія ўлады хочуць увесці дадатковую атэстацыю для экскурсаводаў

|

– Калі ў Польшчы гіда-нелегала чакае штраф у памеры 180-200 долараў, то ў Літве – да тысячы долараў, – прыводзіць словы  намесніка начальніка упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Міхаіла Кажуры “Гродзенская праўда”. – Лічу, што такая мера апраўданая і прайм альная ў Беларусі, у тым ліку ў нашай вобласці. Часта сталі сустракацца некваліфікаваныя замежныя спецыялісты, якія банальна не ўмеюць праводзіць экскурсіі. Да ўсяго ў некаторых выпадках такія гіды трактуюць гісторыю на ўласны капыл.

 

Гродзенскія экскурсаводы, з якімі ўдалося паразмаўляць карэспандэнту “Твайго стылю”, паставіліся да магчымага новаўвядзення з непаразуменнем.

Усе беларускія гіды-экскурсаводы і без гэтага праходзяць атэстацыю ў Міністэрстве спорту і турызму. Неабходнасць мець  яшчэ і рэгіянальную атэстацыю  альбо дадаткова плаціць мясцоваму экскурсаводу можа прывесці да таго, што вазіць экскурсіі ў Гродна для турфірм будзе проста непрыбыткова.

 

Гродзенскі краянзаўца і атэставаны экскурсавод Ігар Лапеха:

–  Я не бачу, дзеля чаго гэта патрэбна.

У нас і так па законе маюць права праводзіць экскурсіі сэртыфікаваныя беларускія экскурсаводы (як і ў любой іншай краіне). Калі экскурсію праводзіць нелегал – ён парушае закон, гэта зразумела.

Нашыя экскурсаводы здаюць экзамен у Мінску. Хіба гэтага недастаткова?  Альбо яны хочуць удасканаліць падрыхтоўку экскурсаводаў? Не разумею, у чым праблема.

 

Паводле прапановы гродзенскіх чыноўнікаў права праводзіць экскурсіі ў Беларусі змогуць атрымаць і замежныя экскурсаводы, але толькі прайшоўшы атэстацыю ў тым абласным цэнтры, на тэрыторыі якой адбудзецца экскурсія. Тое ж тычыцца і беларускіх экскурсаводаў.

 

Здымак з архіву “ТС”