У «Аптымістычнай трагедыі» гарадзенцы – другія
Пра тое, чаго не хапіла для перамогі распавядае капітан каманды Павел Koom:
– Нам не хапіла добрага «штаба» – каардынацыйнага цэнтра, які б дапамагаў палявым гульцам думаць над заданнямі і іх вырашэннем. А «полю» не хапіла ўвагі засяродзіцца над заданнямі і добра іх прачытваць. Гульня была дастаткова цяжкая.
З 49 камандаў, якія прынялі ўдзел у гэтым вялізным гульнявым працэссе, гарадзенскіх камандаў было пяць. Яны занялі 2-е, 15-е, 20-е, 21-е і 33-е месцы. Гульня адбывалася 26-27 траўня па трох беларускіх абласцях: Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай, і па свайму ахопу займала каля 700 кіламетраў.
Аматарам экстрыму трэба было выканаць каля 30 заданняў, і першыя пяць камандаў завяршылі гульню прыкладна праз 18 гадзінаў ад пачатку. У часе заданняў хлопцам і дзяўчатам трапляліся вялізныя аб’екты, дзе трэба было знаходзіць розныя коды, каб прайсці этап.
Пераможцаў гульні чакае «Найтфэст» – спабор для усіх удзельнікаў экстрэмальных гульняў, які пройдзе ў адным з гарадоў Расіі, а таксама гарадзенскія каманды плануюць прыняць удзел у ўкраінскіх гульнях праекту «Квэст».