Індывідуальнае ўспрыманне свята

Вось некалькі каментароў гарадзенцаў і гасцей, як станоўчых, так і адмоўных, аб мерах бяспекі, якія былі арганізаваны супрацоўнікамі міліцыі падчас фестывалю.

 

align=”left” >Ірына Сцяпанаўна, настаўнік гісторыі ў адным з гарадзенскіх ліцэяў: «Я лічу – гэта нармальна, бяспека – гэта самае галоўнае. Мала што можа здарыцца… А так мы ведаем, што ўсё добра». 

 

Людміла Мікалаеўна, госць фестывалю, палічыла, што супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі правільна: «Усе ведаюць, што ў Мінску здарылася ў метро, былі і іншыя падзеі, калі меры бяспекі не былі прынятыя супрацоўнікамі міліцыі. Так што трэба яшчэ больш ўскладніць праход на дадзеныя мерапрыемствы, каб народ ведаў, што ён знаходзіцца ў бяспечным месцы. У нас у Мінску з гэтым стражэй, у вас яшчэ нармальна. Ды і для моладзі добра, менш п’яных пройдзе».

 

Таццяна з Брэсту фатаграфавацца адмовілася, але заўважыла: «Звыклая справа. У нас, у Брэсце, горш абшукваюць. Вядома, гэта не падабаецца, але што зробіш, гэта меры бяспекі. А так у вас досыць міліцыі».

 

Хлопец Генадзь лічыць: «Маглі абыйсціся і без гэтага. Свята – ёсць свята». 

 

А вось Аляксей Іванавіч паставіўся вельмі негатыўна да дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі: «Гэта звярынец. Я нарадзіўся ў 1948 годзе, такога раней не было, мяне гэта дужа злуе. З-за гэтага я не хаджу на футбол. Аж слёзы на вачах наварочваюцца. Людзі, як скаціна ў загоне. Я быў нядаўна ў Польшчы, там такога няма, свята – гэта свята. Толькі, калі ўжо нешта здарыцца, тады бачныя супрацоўнікі паліцыі, а так – спакойна адпачывай». 

 

Андрэй ставіцца станоўча: «Так і павінна быць. У нас у горадзе дурняў хапае, нехта павінен з імі змагацца». 

 

Арслан з Туркменістана з ім згодны: «Усё добра, мне падабаецца, так трэба. У нашай краіне гэтак жа. У свята не хочацца бачыць п’яных. А раптам у каго нож, ці яшчэ што-небудзь? Усё правільна».

 

Іншага меркавання прытрымліваецца Аляксандр: «Мне не спадабалася. Як быццам я злачынец, нават з цыгарэтай не прапусцілі. Занадта шмат міліцыі. Таму народ перастаў хадзіць на дадзеныя мерапрыемствы. Прыйшлося абыходзіць увесь стары горад, каб патрапіць дадому. Меры бяспекі патрэбныя, але гэта – ужо занадта».

 

А гэта каментар супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным: «Усе выдатна працавалі тры дні, падтрымлівалі парадак. Усіх усё задавальняе». Вядома, ад здымкі міліцыянты адмовіліся.

 

Былі на фестывалі і сапраўдныя «партызаны», якія прымудраліся прайсці міма пастоў і трапіць на фэст незаўважанымі. Хто хацеў, той адпачываў і ў гэтых умовах. Хто не хацеў – займаўся сваімі справамі. Высноў тут ніякіх няма, ёсць толькі індывідуальнае ўспрыманне свята.