“Музей” Наталлі Клімовіч: фантазія, якая мае падставу

|

Сваёй першай персанальнай выставе Наталля дала назву “Музей”.

 

Чаму “Музей”?

Музей – гэта сховішча артэфактаў, якія расказваюць гісторыю. Калі гісторыя невядомая – спараджаецца міф. Мая выстава – гэта гісторыя пра невядомы горад, якога няма.

Малюнкі – гэта як сведчанне таго, што было, дакумент, тое, што робіць гісторыю навукай, а не паданнем. У нашым выпадку гэта падробны дакумент. Я маніпулюю паняткамі гісторыі і псеўдагісторыі.

Гэтая выстава – разважанне.

 

Разважанне пра што?

– Пра наш горад.

Што стварае вобраз гэтага горада? Што павінна знікнуць, каб знік горад? У чым яго адметнасць, і што застанецца, калі гэтую адметнасць прыбраць? Я сама задаю сабе пытанні і сама прыдумляю адказы.

Для мяне горад – гэта лабірынт невядомых гісторый, горад-легенда.

Вобраз горада ствараюць не толькі архітэктурныя помнікі, але і тое, што вакол іх: дворыкі, дамкі, якія паступова знікаюць самі альбо з дапамогай людзей.

 

-Ты ўвесь час кажаш “горад” і ні разу не сказала “Гродна”

-Наўмысна пазбягаю гэтай назвы, а чаму – на гэтае пытанне павінна адказаць выстава.

 

-Чаго ты чакаеш ад тых, хто ўбачыць гэтую выставу?

-Хачу, каб яны любілі гэтае жыццё і ўсё наваколле, какб пачувалі сябе не проста сузіральнікамі, але людзьмі, ад якіх усё залежыць. Бо гісторыя робіцца не толькі часам, але і людзьмі.

 

Выстава Наталлі Клімовіч адкрыецца 15 чэрвеня ў галерэі “Крыга”.

Пачатак у 17 гадзін.