Турыстам надакучыла чуць: «Тут спыняўся Пётр І…»
А таксама адкрыццё музейнага пакоя ў гонар Сталыпіна. Няўжо ў Гародні няма сваіх герояў?
Выказацца наконт чарговай ініцыятывы гарадскога кіраўніцтва, а таксама наогул наконт ушанавання герояў і антыгерояў у бронзе, мы папрасілі некаторых неабыякавых гарадзенцаў.
Алесь Краўцэвіч, гісторык:
– Да такой ініцыятывы я, зразумела, стаўлюся адмоўна: гэта ініцыятыва нявольнікаў, рабоў, праява акупацыі. У першую чаргу трэба паставіць помнік Кастусю Каліноўскаму, які друкаваў у Гародні сваю «Мужыцкую Праўду». Патрэбны помнік Вітаўту Вялікаму, магчыма нават на галоўнай плошчы, бо менавіта пры ім гэтая плошча ўзнікла. З памятнага валуна на Каложы было б варта зрабіць паўнавартасны помнік Давыду Гарадзенскаму.
Ёсць багата герояў і дат – нашых, уласных, багата людзей, якія змагаліся за волю. Тое ж, што робіцца зараз, больш падобна на сітуацыю з сабакам, які ліжа бот, якім яго б’юць.
Вадзім Саранчукоў, кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ:
– У сітуацыі эканамічнага і духоўнага крызісу распачынаць новыя праекты такога кшталту, мякка кажучы, немэтазгодна. Асабліва, калі не забяспечана дзеяздольнасць ужо існуючага музея Быкава і не выканана прынятае яшчэ ў 90-х рашэнне аб усталяванні помніка Каліноўскаму. Тым больш немэтазгодна ўшанаванне асобаў, якія мелі даволі ўскоснае дачыненне да нашага горада… Для пачатку можна было б узяць прыклад з адміністрацыі мястэчка Глыбокае і вызваліць цэнтральную плошчу ад манумента правадыру бальшавіцкай рэвалюцыі. Добры фантан на гэтым месцы ў Гародні быў бы вельмі дарэчы!
align=”left” >Таццяна Касатая, супрацоўніца тур-фірмы «Мерцана»:
– Помнікі ўсталёўваюцца для замацавання ці аднаўлення гістарычнай памяці. Ініцыятыва аблвыканкама накіравана на дэфармацыю нашай памяці. У нас ёсць кім ганарыцца, апроч дзеячаў часоў Расійскай імперыі ды савецкага перыяду. Візуалізацыя гісторыі праз помнікі Вітаўту, Боне Сфорцы, Стэфану Баторыю, Каліноўскаму будуць спрыяць не толькі фармаванню нашай нацыянальнай свядомасці, упрыгожваць горад, але і прывабліваць турыстаў. Трэба прасоўваць сваіх герояў, бо турыстам надакучыла чуць: “Тут спыняўся Пётр І, над нашым горадам пралятаў Ю.Гагарын» і г.д.
На сённяшні момант праекты кшталту помніка Кацярыне ІІ ды «сталыпінскіх чытанняў» на шчасце застаюцца ў сферы ідэяў. Нажаль, увасобіцца ў жыццё для іх нашмат больш шанцаў, чым для даўно зацверджаных, але старанна ігнараваных скульптур Багдановічу ды Каліноўскаму. Што ж, абсурдамі ў гэтай краіне ўжо нікога не здзівіш…
Фота на застаўцы (virtual.brest.by): броназвы Вітаўт у Брэсце