Узбунтаваны слон на карціне Наталлі Клімовіч
Перад тым, як перавярнуць таблічку з надпісам “Музей адчынены”, Наталля распавяла паданне пра Мірскі замак, у мурах якога ёсць камень “Галава барана”. Паданне кажа, што калі гэты камень дастаць са сцяны, замак разваліцца. Мастачка прапанавала паглядзець на яе працы праз прызму гэтай легенды.
Глядзець працы Наталлі трэба засяроджана і няспешна. Бо акрамя ўласна графікі дзяўчына змясціла яшчэ розныя артэфакты, да якіх напісала свае гісторыі. Усё гэта злучаецца ў адзіны вобраз горада са сваёй гісторыяй. Пра гэты горад, музей якога толькі што адчыніла, і пра тое, як ён суадносіцца з Гародняй, Наташа і паспрабавала распавесці.
– У Гародні прайшло ўсё маё дзяцінства, і я сябе атаясамліваю яго часткай. Таму для мяне тут важна ўсё, кожная дэталь. Я ўпітвала гэтую атмасфера, насіла яе з сабой. Калі навучалася ў Менску, акурат пачалася гэтая “рэканструкыя” Гародні. І калі я прыязджала з Менску дахаты, адразу ж ішла гуляць па горадзе, па сваіх месцах. Ідзеш, і раз – чагосьці ўжо няма, раз – і яшчэ чагосьці няма. То бок тое, што для цябе важна і мела нейкі свой сэнс, пачало знікаць. Тады я стала фатаграфаваць. Потым нейкія артыкулы прачытала. Напрыклад, пра будынак, завешаны тканінай з гравюрай Цюндта. Адвешваеш – а там шчыліна, і разумееш, што хутка будынка можа і ўвогуле не будзе. І ў мяне ўзнікла фантазія, што вось завешваюць у горадзе будынкі фіранкамі, а там ужо і няма нічога. Або рэстаўрацыя будынка рэстарана “Беласток” – ад яго застаўся толькі каркас, а таго, што было ўнутры, ужо няма. Кажуць, што Гародня – горад-музей. Але гісторыя не ў тым, што там сцены стаяць, а ў тых лёсах і людзях, якія там былі. Зараз можна такія штукі афігенскія рабіць, калі горад з табой будзе размаўляць. Напрыклад, QR-коды на будынках. Ідзеш – і можна проста счытаць інфармацыю з сайта пра гісторыю і жыхароў гэтага будынка. Гэты дом табе ўсё пра сябе расказаў. А тут атрымліваецца, стаяць проста сцены. Для мяне гэта балючае пытанне. Той самы Новы свет…
– Дык вось, горад у маёй выставе мае прыдуманую мной легенду. Калі ты не ведаеш гісторыю, ты яе выдумляеш. Напрыклад, стаіць кляштар брыгітак, цалкам агароджаны, і ты не ведаеш, што там унутры. Толькі ведаеш, што там жылі манашкі і што там была псіхіятрычная лякарня. Тады нараджаюцца свае фантазійныя міты, што там. Іх можа быць неверагодная колькасць, і ў кожнага свая. Так неяк і ўзнікла ідэя выставы. На карцінах бачныя знаёмыя відарысы, але іх гісторыі я прыдумала сама.
– Я назіраю, што знікла ў Гародні, што змянілася. І вось да той легенды пра камень “Галава барана”. Я пачала думаць, што ў Гародні з’яўляецца такім камененем, які калі дастанеш, то горад знікне. Спачатку я ўзяла і прыбрала Фарны касцёл, пасля Каложу. Кожны горад мае сваё аблічча, яго ж нешта складае. Калі ў Гародні прыбраць старыя занядбаныя дворыкі, застанецца горад ці не? Дзе гэты камень? Атрымалася, што я руйную ўсё па чарзе, потым пішу гісторыі, якія абвяргаюць існуючую гісторыю, пасля бяру артэфакты, якія быццам павінны казаць праўдзівую гісторыю, бо нясуць пэўную інфармацыю. Але я для іх напісала выдуманыя гісторыі. У іх ёсць свая іронія, і яны звязаныя з графікай на выставе. Але калі казаць пра Гародню, то ў выніку тут усё каштоўнае, бо ўсё стварае яго дух і гісторыю.
Мяне здзівіла, што людзі на выставе пыталі, чаму на адной з карцін намаляваны слон. Насамрэч усё проста. Горад завешаны гэтымі тканінамі са сланамі, і часам думаеш: можа, там ужо нічога няма. Таму гэта такі ўзбунтаваны слон, які выйшаў і сказаў: можа, хопіць ужо гэтым займацца? (Дарэчы, ніводзін маленькі слон на карціне Наталлі не з’яўляецца копіяй капаролаўскіх: кожны хоць нейкім штрыхом, але адрозніваецца).
Як паказвае практыка, спачатку вешаюць на будынак тканіну, а пасля ён знікае. Да карцін я напісала гісторыі і змясціла артэфакты. Яны спатрэбіліся на выставе, каб стварыць уражанне музея.
Наташа ў сваіх працах пакінула мноства прасторы для інтэрпрэтацыі. Мяне, напрыклад, захапіла карціна “Прывід”. За старым будынкам праглядаецца быццам праз дымку касцёл. Мне ўявілася, што раз на год у дзень выбуху гэта з’яўляецца прывід Фары Вітаўта. І гэтак з кожным разбураным будынкам у Гародні: у дзень знішчэння роўна апоўначы з’яўляецца прывід кожнага знесенага будынка…
Рэдакцыя віншуе Наталлю, выпускніцу “Школы маладога журналіста” і аўтарку “Твайго Стылю” з першай персанальнай выставай і жадае натхнення і поспеху!
Выстава працягнецца да 5 ліпеня.