«Твой стыль» абвяшчае пошук: знайсці сваякоў Антона Мальковіча

|

Гэтую драматычную гісторыю распавёў мне вядомы амерыканскі беларусазнаўца, выкладчык Брандайскага ўніверсітэту (ЗША) Курт Вулхайзер (на здымку ніжэй).

 

Друкуем яе з невялікімі скарачэннямі.

«Некалькі тыдняў таму, да мяне звярнуўся прафесар геалогіі Універсітэта Паўднёвага Ілінойса Сцівен Дзінаса (Steven DiNaso): ён прасіў дапамагчы знайсці беларускіх сваякоў адной з ахвяраў так званай «Гэррынскай разні» (Herrin Massacre), што адбылася ў 1922 г. у падчас агульнанацыянальнага страйка Аб’яднанага прафсаюза шахцёраў (United Mine Workers).

 

Раніцай 22 чэрвеня ўзброены натоўп шахцёраў–страйкоўцаў аблажылі шахту Вугальнай кампаніі Паўднёвага Ілінойса пад горадам Гэррын, падчас аблогі ахоўнікі шахты застрэлілі трох страйкоўцаў.

 

Штрэйкбрэхеры і ахоўнікі ў шахце, якіх уладальнік вугальнай кампаніі завербаваў сярод беспрацоўных у Чыкага, у рэшце рэшт здаліся страйкоўцам. Тыя схапілі штрэйхбрэхераў і ахоўнікаў, адвялі іх у лес, і сказалі, каб яны пабеглі прэч.

 

У гэты момант страйкоўцы пачалі па вязнях страляць, іншых, якім ўдалося схавацца ў лес, потым зноў злавілі і закатавалі на гарадскіх могілках (у выніку былі забітыя 20 чалавек).

Хаця большасць ахвяраў былі амерыканцы, сярод іх былі і нядаўнія імігранты – італьянец, чэх, фін і беларус.

 

Неглядзячы на вялікую колькасць сведкаў забойстваў, мясцовы суд апраўдаў усіх падсудных, уключаючы лідэраў, бо ніхто з жыхароў Гэррына не быў згодны даваць сведчанні супраць іх.

 

Пахавальная працэсія ахвяраў разні

 

У выніку гэтай змовы маўчання, праўда пра Гэррынскую разню (асабліва пра ролю мясцовых уладаў і бізнесоўцаў, якія падтрымівалі прафсаюз) доўгі час хавалася і толькі ў апошні час даследчыкі пачалі вывучаць гэты трагічны, але малавядомы эпізод у гісторыі амерыканскага рабочага руху.

 

Нядаўна група даследчыкаў – гісторыкі, журналісты, і геолагі, знайшлі месца пахавання ахвяраў Гэррынскай разні ў занядбаным кутку старых могілак у Гэррыне.

 

Даследчыкі асабліва зацікавіліся адной з ахвяраў, пра якую, бадай што, захавалася найбольш інфармацыі – гэта беларус, якога звалі Антон Мальковіч (альбо Малковіч, па–расейску гэтае прозвішча магло бы і пісацца як Малькович/Молькович, Малкович/Молкович – у розных амерыканскіх дакументах, пішуць яго прозвішча як Mulkavich, Molkovich, Malkovich).

 

Ён нарадзіўся ў Індуры пад Гродна 17.Х. 1887 г. і эміграваў у ЗША ў 1907 г. Яшчэ важна тое, што Мальковіч быў ветэранам Першай сусветнай вайны, служыў у амерыканскай арміі на заходнім фронце і быў узнагароджаны амерыканскім вайсковым ордэнам «За перамогу» (Victory Medal) за ўдзел у наступленнях у Somme, Meuse-Argonne і St Mihiel.

Уліковая картка Антона Мальковіча ў спісе салдат-іншаземцаў амерыканскага войска.

 

Як ветэран вайны, узнагароджаны амерыканскімі ордэнамі, Мальковіч мае права быць пахаваным на вайсковых могілках, альбо ў Ілінойсе, альбо на нацыянальных вайсковых могілках у Арлінгтоне пад Вашынгтонам.

 

А калі знойдуцца сваякі Мальковіча ў Беларусі, па іх жаданні яго парэшткі нават могуць быць перахаваны на могілках у Індуры альбо ў Гродне (за кошт амерыканскага боку, вядома).

Але каб эксгумаваць і перахаваць парэшткі Мальковіча і іншых ахвяраў Гэррынскай разні, даследчыкам патрэбныя подпісы сваякоў.

 

Наколькі нам вядома, Мальковіч не быў жанаты і ў яго не было іншых сваякоў у ЗША. Таму застаецца толькі паспрабаваць адшукаць сваякоў на яго радзіме, у Беларусі.

 


Глядзі мапу месца здарэння ў большым памеры

 

Гэта тэрміновая справа, паколькі высветлілася, што тая частка могілак у Гэррыне, дзе пахаваныя ахвяры разні 1922 г., цяпер прадаецца мясцовымі ўладамі, і ёсць небяспека, што парэшткі Антона Мальковіча і іншых ахвяраў Гэррынскай разні будуць знішчаны да таго, як суд атрымае афіцыйную просьбу ад сваякоў аб перахаванні.

Зараз  проста патрэбны подпіс чалавека з прозвішчам Мальковіч/Малковіч, які паходзіць з Індуры (альбо з адной з навакольных вёсак), і які мае падставы лічыць, што ёсць ў яго нейкая ступень радства – нават досыць далёкая – з Антонам Мальковічам.

 

Падпісанне просьбы не мае аніякіх прававых наступстваў для таго, хто падпісаў – нічога не трэба плаціць, не трэба ехаць у ЗША – гэта проста дзеля таго, каб парэшткі Мальковіча не былі знішчаны і каб яны былі перахаваны ў больш адпаведным месцы для заслужанага ветэрана арміі ЗША.

 

Сцівен Дзінаса з калегамі разлічваюць на тое, што будуць шырока асвяшчаць гэты праект у амерыканскіх СМІ (тым больш, што сёлета будуць адзначаць 90 угодкі Гэррынскай разні).

 

Хто ведае, гэты праект зможа нават у нечым паслужыць нагодай для «грамадзянскай дыпламатыі» паміж ЗША і Беларуссю».

 

Ад рэдакцыі ТС:

 

Дарагія чытачы!

«Твой стыль» разлічвае на вашую дапамогу у пошуку сваякоў нашага земляка!

 

Калі вы ведаеце людзей з прозьвішчам Мальковіч (Малковіч), якія жывуць у ваколіцах Гродна альбо можаце падказаць накірункі пошуках – калі ласка, напішыце гэта ў каментарах да артыкула альбо на адрас рэдакцыі info@t-styl.info

 

Ілюстрацыя ўверсе: карціна “Геррынская разня” (1941).

Крыніца: http://www.aaronsgayinfo.com/ClassicArt/cadmus3.html