«Ледзі Свабода» сярод трапічнай ночы

| Без катэгорыі

– Анатоль, чарговая твая гісторыя як заўжды пачалася ў паўднёва-усходняй Азіі?


– Так, мяркую, што гэта быў самы цікавы пераяд майго жыцця, хоць я і зараз спрабую заставацца аптымістам (смяецца).

 

…Тым часам, як у Саюзе імклівым крокам ішла гарбачоўская перабудова, я спачываў у 22-х павярховым будынку з чорнага шкла далёка ад сваёй Радзімы – у гатэлі «Канкорд» у Сінгапуры. У рэстаране нашага гатэлю падчас шведскага сталу зраніцы я выпадкова пазнаёміўся з сінгапурцам Рэймандам.

 

Той быў абураны жорсткасцю мясцовых законаў адносна прастытуцыі: вінаватых збівалі палкамі на плошчы, пасля чаго пакідалі на пару год у турме. Не скажу, каб я быў асаблівым прыхільнікам сінгапурскага заканадаўства, таму мы і вырашылі разам «зганяць» па «злачных мясцінах» у суседнюю Малазію.

 

– Далёка?

– Куды там: хвілін сорак да памежнага мосту, дзе памежнікам можна паказаць пашпарт з вакна машыны. Далей едзем яшчэ гадзіны  дзве на паўночны захад: у Малакку, горад недалёка ад узбярэжжа, які так узносіў Рэйманд. Па шляху прынпыніліся ў нейкім мястэчку, паелі, куды далей? На рынак, вядома! Пункт прызначэння нас усё адно цікавіць толькі ўвечары.

 

І чаго толькі не было на тым рынку? Ад чорных кароткамордых свінняў да факіраў са змеямі. Усё як у Кіплінга. Бачу – сядзіць хударлявы дзядок, перад ім на пыльнай анучы раскладзеныя розныя манеты: зусім старыя, шмат кітайскіх з квадратнымі дзірачкамі (каб зручна было насіць на шнурку). Ён усцешыўся адразу: белы, значыць пакупнік. Купіў я ў выніку ў яго пяць манетаў за пяць даляраў, ды яшчэ на памяць савецкіх медзякоў надаваў – «Ведай нашых!». Я да манетаў з дзяцінства цягу адчуваю…

 

– Набытак свой на месцы разглядзеў?


– Першапачаткова – так. Той жа ноччу, падпёршы сабою вулічны ліхтар, каб не хістацца: трапічная ноч цёмная і ранняя (смяецца). Адна манета – чорная, з нязвыклай лічбай «чатыры» – відаць, што са срэбра. Троху пацёр: галава жанчыны нейкай… Адкуль мне, нядаўняму савецкаму галадранцу, ведаць у твар «ледзі Свабоду»? Сунуў няхітры скарб у кішэнь ды пайшоў далей з Рэймандам шукаць прыгодаў, пасля якіх было ўжо не да старых манетак.

 

Манетка на фоне фота азіяцкай прыгажуні


– Хіба забыўся на знаходку?


– На пэўны час. Пасля было вяртанне ў Краснаярск: Саюз толькі што абваліўся, прыйшоў новы НЭП з лозунгам: «Узбагачайся!». Тады і ўзгадаліся мне тыя манеткі: раптам, думаю, прадам, новыя туфлі будуць. Спусціўся, значыцца, ў сутарэнні невялічкай антыкварнай крамы, вываліў пяць кругляшоў перад маладым прадаўцом: «Не, нічога каштоўнага. Хочаш – пакінь на тыдзень, мо хто і возьме…».

 

Перад маімі вачыма ўрачыста праплылі новыя туфлі і я ганебна паплёўся да выхаду, прыхапіўшы тавар з сабой. Праз пару дзён я меўся адляцець на Захад.

 

–Манеткі паехалі праз акіян за табой?


–Выходзіць так. Знайшоў я іх у кішэні шортаў у сваім вайсковым рэч-мяшку, набытым калісьці ў В’етнаме… Наогул, калі амерыканцы падчас вайны у спешцы эвакуяваліся, дык пакідалі багата сваіх складоў. Пасля штурму Сайгона недзе з тыдзень у горадзе не было ўлады, пакуль камуністычныя начальнікі вылазілі з джунгляў (смяецца). На прашпэкце Ле Лай валяліся вінтоўкі М-16! Вядома, мясцовыя гэта ўсё пазбіралі: дагэтуль хіба прадаюць на сваім базары з рамантычнай назвай «Салёны мост». Там я і набыў сабе рэч-мяшок ды штаны вайсковыя, вельмі зручныя. Размова не аб гэтым.

 

У Штатах на пачатку, вядома, было цяжка. Прыехалі мы досыць няўдала, узімку. Я тады шкадаваў 1 даляр 25 цэнтаў на цягнік, таму ішоў марозам пешкі цэлую гадзіну да біржы, дзе спрабаваў знайсці працадаўцу. Для сябе аднак цвёрда вырашыў: пакуль не навяду даведкі аб манетах – нікому не прадам.

 

Спачатку пайшоў да свайго сябра з Гародні, Валеркі Д. – ён працаваў у нью-ёркскай краме, дзе прадаюць розную драбязу. Той пазнаёміў мяне з гаспадаром крамы, Дзімам, які разбіраўся таксама і ў манетах. Дзіма паглядзеў «чатырохдолларавік», падумаў, кажа: «Перазваню».

 

– Перазваніў?


– Той жа ноччу! «Пяць тысяч», – кажа. «Не, – думаю, – калі гэты «жук» называе такі кошт, значыць насамрэч каштуе значна больш!». Прыйшлося сціснуць зубы і цярпець, шукаючы праўды і заможнага пакупніка (смяецца).

 

Бліжэй вясны ў нашай кватэры жыло ўжо шасцёра эмігрантаў з былога СССР. Самому жыць і плаціць за кватэру фактычна немагчыма.

 

Аднаму наогул у Штаты ехаць не варта – лепш сабраць яшчэ дзвух-трох авантурыстаў. Вечарамі ладзілі гулянкі, кожны запрашаў сваіх знаёмых, карацей, жылося весела. Аднаго разу зайшоў да нас Слава, які жыў там ужо шаснаццаць год, родам з Іркуцку, антыквар і нумізмат. Ён і расплюшчыў мне вочы на мой «скарб»: 4 даляры 1872 г. дадзенай канфігурацыі каштуюць …ад 30 000 да 300 000 даляраў у залежнасці ад захаванасці. Пакупніка, аднак, знайсці складана.

 

У ЗША раз на год адбываецца нумізматычны аўкцыён на Манхэттане, туды з’язджаюцца калекцыянеры з усіх штатаў. Спачатку хацеў дачакацца, але неўзабаве плюнуў і з дапамогай таго ж Славы прадаў калекцыянеру расейскага паходжання з Каліфорніі. Там даволі шмат нашчадкаў эмігрантаў першай хвалі, пост-рэвалюцыйнай.

 

– І колькі ты ўзяў?


– Стары, не крыўдуй, але …не скажу! У Амерыцы наогул не прынята цікавіцца, якая сума ляжыць на тваім рахунку (смяецца). Зазначу адно: я не шкадую не толькі, што набыў яе за 1 даляр у хударлявага дзядка ў Малайзіі, але таксама, што не пакінуў яе ў Краснаярску, не «зліў» земляку Дзіму адразу па прыездзе… Я задаволены, спынімся на гэтым.

 

У якасці доказу сваёй любові да нумізматыкі я дагэтуль нашу на шыі перуанскую срэбраную манету, таксама з выявай «Свабоды», але ўжо ў поўны рост. Набыў у індзейцаў у рэзервацыі цягам ужо амерыканскага перыяду жыцця…

 

– Таксама прадасі?


– Калі прапануюць годны кошт – канешне!.. (смяецца).

 

Ніводнага дня без прыгодаў


P.S. Зараз наш субяседнік зноўку з’ехаў на заробкі ды ў пошуку новых прыгодаў за акіян. Як павярнецца ягоны лёс і ці давядзецца сустрэцца з ім яшчэ, вядома толькі  Богу.