БНФ «без капыт і рагоў»

– БНФ  фактычна стала легендай, якая задавала тон палітычнага жыцця ў 90-х, што змянілася ў партыі з таго часу?

– Змянілася некалькі асноўных момантаў, што характэрна для ўсіх арганізацыяў, а менавіта – зменшылася колькасць актыўных людзей, якія працуюць у структуры. Затое, ў параўнанні з 90-мі, вырас прафесійны паказчык: раней гэта быў чысты энтузіязм «пасля працы», зараз жа большасць людзей, якія займаюцца партыйнай работай маюць «вызваленыя пасады» – у т.л. гэта звязана з праблемамі на працы, якія зазвычай узнікаюць у актывістаў… Не маючы магчымасці працаваць, людзі маюць нейкія падпрацоўкі, аддаючы асноўны час арганізацыі.

 

2000 год: байкот выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ 2-га склікання


– Колькасць актывістаў расце?

– На жаль, мы вымушаны засведчыць яе змяншэнне. Гэта звязана з адсутнасцю і рэальных дасягненняў, і палітычных перспектываў, бо мы не можам зараз прапанаваць кар’ернага росту ў дзяржсістэме, не з’яўляючыся сістэмнай апазіцыяй. Безумоўна, згулялі ролю і тыя рэпрэсіі, якія мелі месца за апошнія 10 гадоў – і крымінальныя справы, і пасадкі. Гэта ўсё, канешне, не спрыяе павелічэнню масы людзей, якія працуюць у арганізацыі. Пры гэтым пасля кожнай кампаніі нехта да нас абавязкова далучаецца – гэта не можа не цешыць.

 

– БНФ заўжды быў вядомы як партыя нацыяналістаў. Што вы можаце зараз супрацьпаставіць растучай расейскай агрэсіі?

–На сённешні дзень ніхто, вядома, не прапаноўвае «адкопваць аўтаматы». З палітычнага пунту гледжання, толькі нашая партыя прыняла некалькі знакавых дакумантаў: мы адкрыта заявілі аб тым, што вынікі той прыватызацыі, схаванай і не празрыстай, якая праводзіцца сёння, пасля змены ўлады будуць скасаваныя, тое самае тычыцца і тых палітычных утварэнняў, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам.

 

–Але якімі шляхамі магчамы супрацьстаяць канкрэтна зараз?

–Мы як палітычная арганізацыя схіляемся да эвалюцыйнага шляху. Мы можам дамагацца свайго на выбарах, а таксама ўзбуджаць рэакцыю людзей пасля іх.

 

2008 год: Антусевіч і Саранчукоў – кандыдаты ў дэпутаты Парламенту


– У сёлетніх выбарах удзельнічаеце?

–Канстатуючы, што ніякіх выбараў у краіне няма, мы прад’явілі ўладам шэраг патрабаванняў, пры выкананні якіх яны маглі б адбыцца. Гэта, безумоўна, вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, уключэнне ўсіх вылучэнцаў ад нашай арганізацыі і паралельных арганізацыяў у выбарчыя камісіі, допуск нашых людзей да сапраўднага падліку галасоў. Ужо зараз можна канстатаваць, што гэтыя ўмовы выкананыя не будуць – аб гэтым сведчаць апошнія выступленні Лукашнкі, заявы Ярмошынай. На жаль, большасць насельніцтва сёння ідэю байкоту не падтрымлівае, але і верыць у выбары нам не выпадае. Таму мы выкарыстоўваем гэтую кампанію, каб скарыстаць  2-месячную легалізацыю для кантактаў з людзьмі, друку ў дзярж-прэсе, выступу па ТБ. Гэта патрэбна, каб сказаць людзям, што выбараў на Беларусі няма, а таксама давесці тое, што б мы зрабілі, каб гэтыя выбары былі. Таксама мы плануем сабраць т.зв. «базу наказаў выбаршчыкаў», іх патрабаванняў, з якой збіраемся працаваць бліжэйшыя гады.

 

2010 год: на месцы сядзібы Каліноўскага ў Якушоўцы 


– Слова «бэнээфавец» паспела стаць за апошнія год 15 ярлыком. Як партыя зараз успрымаецца людзьмі?

– Калі нехта кажа «апазіцыя», у большасці ў галовах усплывае «БНФ», словы сапраўды сталі сінонімамі. Гэта вельмі важны набытак для нашай партыі. Негатыўная ж афарбоўка брэнду «БНФ» – гэта хутчэй міф, чым праўда. Безумоўна, ёсць людзі, якія негатыўна ўспрымаюць спалучэнне гэтых літараў, але падобнае ёсць у кожнай краіне. Магу засведчыць, што падчас збору подпісаў, калі я хаджу па кватэрах, гутару з людзьмі і кажу, што я «бэнээфавец», некаторыя здзіўляюцца – так, у мяне няма рагоў, капыт (смяецца), я такі ж, як і яны.

 

2011 год: Гарадзенцы на з’ездзе партыі, Менск


– На тваю думку, чаго больш за ўсё баіцца рэжым зараз?

– Кансалідацыі. Любая праява самаарганізацыі, якая адбываецца ў грамадстве адразу ўспрымаецца ў штыкі, з дзікімі крыкамі, істэрыкамі, як гэта было з мінулагоднімі «маўклівымі акцыямі пратэсту». Аб гэтым жа сведчыць жорсткі разгон акцыі 19-га снежня 2010 г. Рэжым базуецца на нашай раз’яднанасці, на тым, што кожны сам па сабе, у гэтым пакуль што сіла Аляксандра Лукашэнкі.

 Фота аўтара і з архіву Гарадзенскага БНФ