“Каляровыя аблокі Гродна” ў мінскай галерэі “АРТ-БЛІК”

|

Горад над Нёманам – горад казка, дзе жыве дух стагоддзяў, пераплятаецца мінулае і сучаснасць. Гродна – горад мастакоў, паэтаў, творцаў, ён натхняе на роздум, на мары…

Дзе як не на малой радзіме адчуеш сувязь з гісторыяй, з таямніцамі імшэлых падмуркаў, шоманам лісця стогадовых дрэваў?

Гродна не толькі Радзіма, але і скарбонка для творчага натхнення мастачкі Сняжаны Віцецкай.

 

Мураваныя сведкі мінулага, архітэктурныя помнікі, невычэрпная крыніца для нараджэння жывапісных прац аўтара. Мастацкі вобраз нараджаецца з гарадскіх пейзажаў, вуліц, маставых, фрагментарных і панарамных матываў.

 

 

Мастачка аб’ядноўвае у адзінае цэлае зменлівую стыхію неба і статыку дойлідства. Гарадскія краявіды  пранізаны сокам жыцця. Гульня свету і колеру ствараюць лёгкую, празрыстую атмасферу, дзе белыя муры касцёлаў, нібы перлы, разам з бляскам залатых купалоў сабора складаюць галоўную каштоўнасць горада.

Уражвае далікатная і дакладная прапрацоўка дэталяў, ці то перапляценне чугуннай агароджы, ці то амаль матэрыялізаваная паверхня цаглянай кладкі будынка, ці то празрыстая ніць павуціння – усё пад пэнзлем мастачкі набывае асаблівую каштоўнасць і сэнс.

 

 

Выстава “Каляровыя аблокі Гродна” – гэта свята прыгажосці, гімн гораду, магчымасць акунуцца ў цішыню камерных вуліц, адчуць подых мінулага, дзе сучаснасць набывае чароўны характар, а роздумы об мінулым -рэальнае аблічча.

 

 

Галерэя “АРТ-БЛІК”  знаходзiцца па адрасе: Мінск, Някрасава, 11.