«Людзі на балоце» выступяць на першым буйным беларускім фестывалі гэтага лета
На фэсце, які пройдзе на хутары «Шаблі», што ў Валожынскім раёне, на дзвюх сцэнах зайграюць прадстаўнікі вельмі розных гатункаў: року, рэгі, фолку, фанку ды электронікі. На галоўную сцэну выйдуць модныя Akute, то лірычная, то жыццярадасная «Серебряная Свадьба», сцёбныя «Разбітае Сэрца Пацана», бульба-фанк аркестр Chiefs Band (дзе, дарэчы, таксама грае адзін даволі вядомы гарадзенец) ды іншыя не менш вядомыя гурты.
Другая сцэна, якую можна ўмоўна назваць unplugged-сцэнай, арганізаваная «Тузінам Гітоў» і кампаніяй «Будзьма беларусамі», менавіта на ёй выступіць гарадзенскі гурт «Людзі на балоце» (які, хутчэй за ўсё, будзе зачыняць сцэну), а таксама суворы Pomidor/OFF і ўзыходзячая зорка Паліна Рэспубліка.
Агулам на фэсце выступіць больш за дваццаць гуртоў і выканаўцаў, таму яго можна будзе справядліва лічыць буйнейшым у Беларусі фэстам такога кшталту.
Алесь Дзянісаў з “Людзей на балоце” заахвочвае выбрацца на пікнік у Шаблях
Акрамя актуальнай беларускай музыкі гасцям прапануецца паслухаць сучасную паэзію, паглядзець выставу самых пазітыўных і прыгожых здымкаў з конкурсу Belarus Press Photo 2010-2012 гадоў, згуляць у фрысбі, павучыцца капаэйры (дарэчы, разам з той самай школай FICAG, прадстаўнікі якой запальвалі на фэсце «Твой Стыль»), а аматары футболу змогуць без перашкод паглядзець трансляцыю фінала Еўра-2012.
Дакладная інфармацыя даступная на сайце фестываля і ў сацсетках. Квіткі можна набыць у мінскім клубе Графіці, праз інтэрнэт дзякуючы ticketpro.by, а таксама ва ўсім рэгіёнах – у тым ліку і ў Гродне, у прадстаўнікоў ticketpro.by.
«Твой Стыль» не можа прапусціць такога мерапрыемства, таму чакайце ад нас падрабязнага рэпартажа з фестывалю!
Здымак: picnic.by