Міністэрства лясной гаспадаркі лабіруе інтарэсы паляўнічых?

|

На думку грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, прадстаўлены праект (http://mlh.by/ru/news/1739.html) цалкам перакрэслівае ўсе станоўчыя крокі, якія Мінлясгас зрабіў у межах папярэдняй рэдакцыі Правіл у бок мінімалізацыі ўплыву палявання на птушак.

Не звяртаючы ўвагі на навуковыя дадзеныя пра значнае зніжэнне колькасці водаплаўных птушак, новая рэдакцыя Правіл прапануе значнае павелічэнне колькасці паляўнічых відаў качак з аднаго да дзесяці. У гэты спіс трапіў нават від, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

 

Адначасова Мінлясгас прапануе амаль у 2 разы павялічыць сезон веснавога палявання (з пачатку сакавіка да пачатку мая). Адстрэльваць водаплаўных птушак можна будзе падчас практычна ўсяго гнездавога сезона.

Спіс непажаданых відаў дзікіх жывёл пашыраецца ў 2 разы (у тым ліку дадаліся 3 віды птушак). Сюда трапляюць практычна ўсе віды дзённых драпежнікаў.

Паводле абаронцаў прыроды,  гэта можа паставіць на мяжу знішчэння ў Беларусі многія віды драпежнікаў.

 

Гродзенскі арнітолаг, сябра АПБ,  Дзмітрый Вінчэўскі:

 

-Мы падалі свае рэкамендацыі, рэакцыі пакуль няма. Калі будзе хваля абурэння, асабліва праз СМІ, магчыма ад гэтых зменаў адмовяцца.

Магчыма гэтаму паспрыяе выпадак са знявечанымі бакланамі (http://www.ptushki.org/info/press/item/8145.html ). Адна з прычын здарэння – тое, што ёсць віды, якія можна забіваць у любой колькасці і любым спосабам.

Трэба старацца змагацца, як мінімум не заставацца абыякавымі. Калі будзе патрэба – зноў будзем збіраць подпісы.