На сярэднявечным фестывалі у Троках

| Без катэгорыі

Нешматлікія турысты ведаюць, што ў Троках існуе не толькі вядомы замак пасярод возера, а і яшчэ адзін, які быў пабудаваны ў 1375 годзе на цяжкадаступным месцы, паміж азёрамі і балотамі.

 

Падарожнік Жыльбэр дэ Лануа, які наведаў Трокі ў 1414, прыводзіць такое апісанне замкаў: «Пакінуўшы Вільню і вяртаючыся ў Прусію, я праязджаў па Літоўскаму каралеўству. Па дарозе мне сустрэўся вельмі вялікі горад, завецца ён Трокі. Горад гэты забудаваны дрэннымі, запар драўлянымі дамамі і цалкам не абаронены. У горадзе ёсць два замкі, з якіх адзін вельмі стары, пабудаваны з дрэва і ўмацаваны валам з зямлі (мабыць, гліны). Стары замак пабудаваны на самым беразе возера, але іншым бокам ён выходзіць на сушу, а другі замак знаходзіцца пасярэдзіне возера, на адлегласці гарматнага стрэлу ад старога. Гэты замак зусім новы, складзены з цэглы … ».

У час вайны паміж Расіяй і Швецыяй у 1655 годзе вось гэты другі замак быў разбураны. У цяперашні час захавалася некалькі абарончых вежаў і руіны абарончых сценаў.  Уваходныя вежы былі адрэстаўраваныя толькі ў гэтым годзе і зараз там месціцца музей, які і быў галоўным арганізатарам сярэднявечнага фестывалю. Арганізатарамі ж часткі для лучнікоў з’явілася  «Літоўская асацыяцыя стральбы з лука».

 

Сістэма МАS (Medieval Archery System) –  гэта агульны вопыт   мастацтва стральбы з лука, якое ахоплівае дзесяць стагоддзяў. Справа ў тым, што ў гэтай сістэме прымаюць удзел толькі лучнікі, якія страляюць з традыцыйных лукаў. Гэтая сістэма была распрацавана  для папулярызацыі сярэднявечча і гісторыі стральбы з лука.

 

Хочацца дададць, што частка дысцыплін  MAS існавала ў розныя гістарычныя перыяды. Напрыклад, у 14-15 стагоддзях была распаўсюджана стральба навесам па гарызантальнай мішэні з вялікіх, ад 100 метраў, адлегласцяў. І называлася яна Clout Shooting. Менавіта з такіх гістарычна апраўданых  тэхнік і складалася праграма турніра.

 

Майстар за працай


Фестываль увогуле быў  больш разлічаны на турыстаў. Уваход на тэрыторыю замка каштаваў 10 літаў для ўсіх груп насельніцтва і 5 літаў для студэнтаў  ды дзяцей.

 

Унутры былі арганізаваныя розныя забаўкі, як для дзяцей, так і для дарослых. Маленькіх наведвальнкаў каталі на механічным кані – рэканструкцыі сапраўднага сярэднявечнага атракцыёна, выява якога была  знойдзена ў крыніцах.

 

Як і на любым іншым сярэднявечным фествывалі, як зараз, так і раней, не абыходзіцца без бойкага гандлю. Набыць можна было што заўгодна. Улічваючы, канешне, сярэднявечную тэматыку. Шкуры дзікіх кабаноў, самаробныя ліхтары ды традыцыйныя духмянасці. Набыць можна было і сапраўдныя лукі ды стрэлы.

 

Сярэднявечны атракцыён – вадзяны млын


Маленькім наведвальнікам супрацоўнікі музэя прапанавалі намаляваць сярэднявечча, так як яго ўяўляюць яны самі. А потым тут жа была зладжана выстава, куды ўвайшлі ўсе без выключэння малюнкі.

 

Не засталіся без увагі і аматары сярэднявечнай кухні – імправізаваная карчма прапанавала  пакаштаваць розныя цікавыя стравы. Яблыкі печаныя з гарэхамі, старадаўнія чыпсы, піва з мёдам, розныя запеканкі…. За асобную плату, канешне. Аднак, калі параўноўваць з прыбрэжнымі кавярнямі, то кошты тут былі значна таней. Ежу можна было набыць ад 3 да 10 літаў. У горадзе, дзе продаж ежы разлічана на турыстаў, усё было даражэй. Напрыклад, кебаб, каштаваў ужо ад 8,5 літаў, а знакамітыя караімскія супы ў хлебе – ад 10.

 

Фестываль працягваўся два дні, і два дні праходзілі спаборніцтвы сярод лучнікаў. Нарэшце, пасля сапраўды доўгай барацьбы, а ўдзел у і ёй прымалі каля 40 лучнікаў з Украіны, Расеі, Польшчы і Беларусі, былі вызначыныя пераможцы. Сярод мужчын першае месца заняў прадстаўнік Літоўскай асацыяцыі стральбы з лука, а вось сярод дзяўчын –  беларуска Карына Трычык.