“У сетках” – навінка ад ТБ-Гродна
“Стужка з’яўляецца прамой замовай ўладаў,” – лічыць праваабаронца Ўладзімір Хільмановіч.
Праваабаронца таксама мяркуе, што з’яўленне фільма звязанае з гадавінай мінулагодніх маўклівых акцый пратэсту, якімі былі напалоханыя мясцовыя ўлады. Пры гэтым Хільмановіч падкрэслівае, што летась акурат ўлады і сілавікі парушалі заканадаўства, ужываючы рэпрэсіі супраць людзей, якія выйшлі выказаць сваю пазіцыю, папярэдне дамовіўшыся праз інтэрнэт.
– Хачу зазначыць, – каментуе Ў.Хільмановіч, – што міліцэйская прапаганда робіць акцэнт на дэскрэдытацыі дзяржавы, абразе канкрэтных асобаў, а не на здзяйсненні нейкіх цяжкіх крымінальных злачынстваў. Быў ужо адзін прэцэдэнт, калі чалавека ў Лідзе прыцягвалі да адказнасці за абразу службовай асобы. Я таксама не прыхільнік нейкіх абразаў у інтэрнэце, але гэта не значыць, што людзі не маюць права крытыкаваць існы лад, выказваць сваю думку – гэтыя правы ім гарантуе Канстытуцыя.
Тое, што аўтары фільма засталіся ананімнымі, на думку Хільмановіча, яскрава характарызуе замоўны характар матэрыялу, бо звычайна, калі людзі здымаюць фільм і лічаць яго ўдалым, абавязкова прапісваюць свае дадзеныя.