Горш, чым Ямайка…

|

Тое, што сустрэча з лідэрам чэмпіянату і найлепшым клубам краіны апошніх гадоў будзе цяжкай, не сумняваўся ніхто. Але ніхто і не чакаў паразы з лікам 6-0…

Ужо ў першым тайме ў браму гарадзенцаў уляцелі два галы. У другім – у два разы больш. Пры гэтым два разы ў складзе гаспадароў вызначыўся выхаванец гарадзенскага футболу Сяргей Крывец.

Слабым суцяшэннем для заўзятараў можа быць толькі тое, што ў канцы 90-х “Нёман” аднойчы прайграў яшчэ з больш буйным лікам (0-9 рэчыцкаму “Ведрычу”).

Нягледзячы на паразу, “Нёман” застаўся ў верхняй частцы турнірнай табліцы (5-е месца). Крыху паправілі сваё становішча футбалісты “Смаргоні”, якія сёння перамаглі мікашэвіцкі “Граніт” 1-0 і ўзняліся на перадапошняе месца.

У наступным туры 10 траўня “Нёман” будзе прымаць на сваім полі брэсцкае “Дынама”. Іншага выніку, апроч перамогі, заўзятары ад каманды не прымуць…

На здымку: Дзмітрый Кавалёнак не меў у Барысаве нагоды для радасці.

Фота: fcneman.com