Вольга Стужынская: пра візы, санкцыі і здольнасць беларусаў аб’ядноўвацца

|

Створаная пяць гадоў таму ў Брусэлі арганізацыя мае сваёй мэтай паляпшэнне інфармаванасці еўрапейскіх структур пра Беларусь, а таксама дапамогу ў наладжванні кантактаў паміж беларусамі і еўрапейцамі.

 

Дырэктарка “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская распавяла прысутным на сустрэчы гарадзенцам пра праекты арганізацыі, скіраваныя на ўмацаванне патэнцыялу беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, паглыбленне іх супрацоўніцтва з Еўразвязам і яго краінамі-сябрамі.

 

Аснову аўдыторыі складалі грамадскія і партыйныя актывісты, якія спазналі на сабе сур’ёзны ціск з боку беларускіх уладаў (адмовы ў рэгістрацыі арганізацый, абмежаванне доступу да інфармацыі, забарона мерапрыемстваў, затрыманні і г.д.). Таму многае з таго, што гаварылася пра магчымасці выкарыстання еўрапейскіх сродкаў, выдаткаваных на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, пра сумесныя з мясцовымі ўладамі праекты ўспрымалася ўдзельнікамі сустрэчы з вялікай доляй скептыцызму.

 

Удзельнікаў сустрэчы таксама цікавіла стаўленне Вольгі Стужынскай да перспектываў адносінаў паміж нашай краінай і Еўразвязам. Адказваючы на пытанне адносна палітыкі санкцый з боку Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, дырэктарка “Офісу за дэмакратычную Беларусь” адзначыла, што яны не даюць вялікага эфекту, паколькі маюць з большага касметычны характар.

 

Памылковым, на думку Стужынскай, з’яўляецца і ўвядзенне эканамічных санкцый супраць асобных беларускіх прадпрымальнікаў, якія нібыта фінансуюць “рэжым”. У гэтым сэнсе больш лагічнай выглядае пазіцыя амерыканскага ўраду, які ўвёў санкцыі толькі супраць некаторых беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.

 

У час сустрэчы Вольга не раз падкрэслівала неабходнасць “захоўваць каналы камунікацыі” паміж Еўразвязам і прадстаўнікамі як беларускай грамадзянскай супольнасці, так і беларускіх уладаў. Толькі з іх удзелам, на думку Стужынскай, можна прыспешыць працэс рэформаў у Беларусі. Таму прадстаўнікоў беларускай улады трэба ўключаць у працэсы абмеркавання магчымых рэформаў у розных сферах беларускага грамадства, знаёміць з дзейнасцю еўрапейскіх арганізацый, з еўрапейскімі каштоўнасцямі.

 

Адказваючы на пытанне карэспандэнта “Твайго стылю” пра першачарговыя дзеянні, якія маглі б быць зробленыя Еўразвязам для пашырэння супрацоўніцтва з нашай краінай і падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, Вольга Стужынская адзначыла найперш візавае пытанне.

 

На яе думку, змяншэнне кошту візаў для беларусаў магло б істотна развіць беларуска-еўрапейскае супрацоўніцтва, кантакты паміж людзьмі. Разам з тым, у блізкай перспектыве на гэта спадзявацца не выпадае, паколькі ў справе коштаў візаў для беларусаў усе краіны-сябры Еўрапейскага Звязу павінны знайсці кансэнсус, а зрабіць гэта вельмі складана.

 

У сувязі з гэтым, не раз падкрэслівала Вольга Стужынская, трэба вучыцца жыць у існуючых рэаліях і больш спадзявацца на сябе, на свае здольнасці аб’ядноўвацца і адстойваць супольныя інтарэсы.

 

У гэтым сэнсе беларусам ёсць чаму павучыцца ў сваіх суседзяў з краін, ахопленых Праграмай Усходняга Партнёрства. У той час, як у Грузіі, Арменіі, Малдове, Украіне, Азербайджане арганізацыі грамадзянскай супольнасці змаглі аб’яднацца ў межах Нацыянальных платформаў і праводзіць узгодненую палітыку, у Беларусі гэты працэс ідзе з вялікімі складанасцямі.

 

Сустрэча з Вольга Стужынскай была арганізаваная ў Гродне 28 чэрвеня “Таварыствам беларускай школы” ў межах праграмы “Еўраклубу”.

 

Фота аўтара