Гарадзенцы ахвотна ўмацоўваюць эканоміку…суседзяў

|

Гэта толькі некаторыя праявы “беларускай экспансіі”, пра якую з радасцю кажуць бізнесоўцы з суседніх з намі краін.

 

Вы сёння ўжо ці не пяты кліент з Беларусі! – кажа ўсмешлівая аператарка адной з беластоцкіх турфірмаў, куды я вырашыў зазірнуць, каб параўнаць кошты польскіх тураператараў з беларускімі.

 

І дадае – учора я асабіста на тры беларускія сям’і адпачынак афармляла. Так, апошнія часы шмат беларусаў да нас заходзіць. Большасць проста з-за цікавасці, але многія мэтанакіравана. Кажуць, у нас таней ды і надзейней.

 

Заўважу – на вуліцы быў пачатак траўня, зусім яшчэ не гарачы турыстычны сезон…

 

Яшчэ пару год таму на Беласток з Гродна хадзіла ўсяго пару рэйсавых аўтобусаў. Зараз на Саколку ды Беласток ідзе каля дзесятка рэйсаў! І апроч іх – яшчэ дзесятак-другі шоп-бусаў, для якіх ля некаторых польскіх супермаркетаў ужо нават спецыяльныя месцы адводзяць, адмыслова наймаюць персанал, які разумее расейскую ці беларускую мовы.

 

Змяняецца і характар закупаў, якія робяць беларусы.

 

Па словах прэс-сакратара папулярнага ў гарадзенцаў супермаркета Leroy Merlin Каспера Худкевіча, яшчэ пара год таму беларусы куплялі найперш танныя тавары. Зараз жа іх закупы мала чым адрозніваюцца ад таго, што купляюць палякі. Не дзіўна, што доля прыбытку ад гасцей з Беларусі ў першыя пяць месяцаў 2012 г. склала, па словах таго ж сп. Худкевіча, “…надцаць %”.

 

Пра значны рост колькасці пакупнікоў з Беларусі і прыбыткаў ад іх кажуць і прадстаўнікі іншых беластоцкіх гіпермаркетаў.

 

Калі гарадзенцы аддаюць перавагу шопінгу ў суседняй Польшчы, то сталіца “падсела” на віленскія супермаркеты.

 

У сталіцы Літвы таксама зразумелі, што беларусы здольныя пакідаць добрыя грошы ў час закупаў. У выніку рэклама таго ж “Акропаліса” з’явілася ўжо ў Беларусі.

 

Не дзіва: “Камсамолка” палічыла неяк, што беларускі пакупнік (гэта можна падлічыць па  такс-фры) у адным «Акропалісе» пакідае каля 500 літаў (1,59 млн бел. руб.). Лічыцца, што кожны ў сярэднім ходзіць у дзве-трыкрамы, так што за адну паездку ў тым жа «Акропалісе» пакідае ад 1000 да 1500 літаў (3,175 млн — 4,76 млн бел. руб.).

 

Таму не варта здзіўляцца, што больш за ўсё іншаземцаў, якія наведваюць Літву з начлегам, у 2011 годзе прыехалі зь Беларусі (19%, або 340 000), пра што днямі паведаміў DELFI са спасылкай на звесткі Дэпартамэнту статыстыкі. Гэта на 17% больш, чым у было ў 2010 годзе.

 

Ці можам мы пахваліцца такімі лічбамі ў дачыненні да літоўскіх турыстаў? Сумняюся…

 

Уладальнікі і супрацоўнікі крамаў у Літве і Польшчы кажуць, што беларусаў прываблівае магчымасць купіць тут больш якасныя, а часта і больш танныя тавары і пры гэтым вярнуць яшчэ на мяжы VATы.

 

Прыгранічны бізнес стаў ужо неад’емнай часткай жыцця Гарадзеншчыны. Найбольшыя выгоды ад яго, аднак, застаюцца не па нашым баку мяжы. Грошы гарадзенцаў і іншых беларусаў найперш умацоўваюць гаспадарку Польшчы і Літвы. І чым далей беларуская эканоміка будзе пазбягаць рэфармавання – тым больш гэта будзе відавочным. І спробы перашкодзіць гэтаму, адцягваючы, напрыклад, ратыфікацыю дамовы пра малы прыгранічны рух, вялікага эфекту не дадуць.