Трэцяга ліпеня ў Гродзенскай вобласці чакаецца да +34

|

Гроднааблгідрамет прагназуе крыху цяплейшы за кліматычную норму ліпень. Гэта значыць, што сярэдняя месячная тэмпература чакаецца  вышэй за +18.


Месячная колькасць ападкаў мяркуецца каля сярэдніх шматгадовых паказчыкаў (77-91 мм).

1 ліпеня ў Гродне ўжо абноўлены тэмпературны рэкорд 1997 года, калі слупок тэрмометра падымаўся да +30,6 градусаў. У мінулую нядзелю паветра ў Гродне прагрэлася да +31,3 градуса.

Наступны рэкорд магчымы заўтра, 3 ліпеня.

У гэты дзень сіноптыкі Аблгідрамету прагназуюць тэмпературу паветра па Гродзенскай вобласці +30…+34, месцамі +27…+29. Вецер няўстойлівы, 4-9 м/с, пры навальніцах парывы да 14 м/с, аднак чакаеца пераважна без ападкаў.

Сёння ўначы месцамі па вобласці пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы.

Тэмпература паветра не апусціцца ніжэй за +15…+20.