Irdorath: канцэрт пасля аднагадовай адсутнасці

Гарадзенскі гурт Irdorath 3 ліпеня зладзіў канцэрт-прэзентацыю дэбютнага альбома ў гадавіну свайго ад’езду з Гродна. Паслухаць і паглядзець выступ гурта ў поўным складзе кожны ахвотны мог у традыцыйным месцы – ля помніка Сакалоўскаму, што на Савецкай.


Музыкі Уладзімір і Надзея са сваімі характэрнымі дудамі і ў незвычайных строях цягам некалькіх апошніх год сталіся бачным і запамінальным элементам гарадскіх святаў. Год таму ў Дзень Незалежнасці яны адыгралі развітальны канцэрт у родным горадзе ды з’ехалі заваёўваць сталіцу. Увесь мінулы год яны актыўна выступалі на самых разнастайных фэстах (у тым ліку стала гралі ў цэнтры “Замак Рытэрбург” пад Мінскам) і наведалі не адну краіну. Мелі нават сольны канцэрт у Re:Public – не кожны гурт так хутка дабіваецца такой папулярнасці.

 

Эфектам доўгай працы сталася кружэлка Ad Astra, выдадзеная цалкам за ўласныя сродкі, дзе пераплятаюцца традыцыйныя еўрапейскія мелодыі і аўтарскія кампазіцыі, час ад часу з вельмі сучасным гучаннем. Тое не дзіва, бо гурт актыўна карыстаецца не толькі сярэднявечнай і фэнтазі стылістыкай, але і кіберпанкаўска-пастапакаліптычнай эстэтыкай.

 

 

Канцэрт сабраў не толькі тых, хто выбраўся ў цэнтр адмыслова на канцэрт гурта, але і шмат цікаўных, што проста праходзілі побач, адпачываючы ў выходны дзень.