Наўмыснае нагнятанне становішча вакол палітзняволеных перад амністыяй?
Як адзначыў Волчак, падчас апошняга спаткання з маці ў яе адмовіліся прыняць прадуктовую перадачу для Аўтуховіча. З гэтай прычыны ваўкавыскі прадпрымальнік напісаў:
«Я лічу, што хтосьці наверсе стварае выпрабаванні, хоча да чагосьці падштурхнуць. Дурні, калі думаюць так на мяне націснуць. Я ніколі не адракуся ад сваіх жыццёвых поглядаў і прынцыпаў».
Як адзначыў Волчак, яму незразумела, чаму Аўтуховіча пазбаўляюць сустрэчы з жонкай і дачкой. «Да гэтага ў яго ішло ўсё добра, заўваг з боку адміністрацыі турмы не было. Мікалай нават пісаў пару месяцаў таму жонцы, што яму зменяць рэжым на мякчэйшы. Ствараецца ўражанне, што хтосьці наўмысна нагнятае становішча вакол палітзняволеных перад амністыяй. Аўтуховіч як ветэран баявых дзеянняў у Афганістане, які мае ўрадавыя ўзнагароды, праблемы са здароўем, павінен патрапіць пад амністыю. Можа быць, таму вакол яго ствараюць нервовасць, каб справакаваць на нейкія дзеянні», – лічыць Волчак.
У маі 2010 года Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Цяпер Аўтуховіч знаходзіцца ў турме № 1 Гродна ў двухмеснай камеры.
Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным, указваючы на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.