Беларуская Чыгунка павышае кошты квіткоў на 20%

|

Яшчэ ў красавіку Беларуская Чыгунка запэўнівала, што павышаць тарыфы не збіраецца, бо рост аб’ёмаў перавозак дазваляе ўтрымліваць кошты на квіткі без зменаў. Аднак ужо ў чэрвені прадпрыемства звярнулася ў Міністэрства транспарту з прапановай узняць кошты квіткоў.

 

Як тлумачыцца ў каментары да пастановы Міністэрства эканомікі, мінулагодняя дэвальвацыя беларускага рубля прывяла да раптоўнага скоку выдаткаў БЧ і да зніжэння ўзроўню акупнасці.

 

Іншай прычынай заяўляецца спроба прынамсі невялікага змяншэння розніцы ў коштах квіткоў на цягнікі з аднаго боку і аўтобусы ды маршруткі з іншага. Але нават з улікам новых тарыфаў квіток з Гродна ў Мінск на маршрутку каштуе прыкладна ў 4 разы больш чым на цягнік. Апошняй прычынай росту коштаў Міністэрства называе «павялічэнне даходаў насельніцтва».

 

З 9 ліпеня змяняюцца таксама правілы браніравання месцаў у цягніках. Цяпер трэба будзе выкупіць білет да 22.40 дня браніравання. БЧ тлумачыць, што каля 30% квіткоў, якія браніруюцца праз тэлефон, не выкупляецца, а гэта стварае штучныя недахопы.