Андрэй Пачобут: «Мой лёс залежыць ад росчырку пяра»
– Логіку некаторых дзеянняў уладаў часам прасачыць цяжка, але ўсё ж такі, на вашу думку, з чым звязана ўзбуджэнне чарговай крымінальнай справы супраць вас?
– Цяжка нешта сказаць… Калі б я даваў нейкія паказанні, магчыма ведаў бы больш, але я адмовіўся. Адзінае, што магу прыгадаць, гэта эпізод, калі следчы зайшоў да мяне ў хату з фразай: «Вы пішаце? Ну і мы таксама пішам…». Думаю, у гэтай справе ёсць некалькі момантаў. Першы момант, знешнепалітычны – спроба давесці Еўразвязу, што РБ і яе лідары моцныя, «ненахіляемыя». Другі, унутрыпалітычны, звязаны з набліжэннем парламенцкіх выбараў, патрэбна каб краіна была ў «адпаведным настроі», а гэты настрой ствараюць рэпрэсіі і страх. Улады, напрыклад, не ведаюць, што рабіць з інтэрнэтам: бачна, што абсалютная большасць карыстальнікаў настроеныя крытычна да сітуацыі. У выніку я атрымліваюся ідэальнай мішэнню для рэпрэсіяў.
– Калі браць пад увагу вашае нечаканае вызваленне, вам не падаецца, што мела месца памылка мясцовых сілавікоў, якім пасля прыйшоў «наганяй» з Менску?
– Не, справа прыйшла з Менску, таму, думаю, ад пачатку было запланавана, што я прасяджу ўсяго 10 дзён. Усё было вельмі дэманстратыўна: мне не прад’явілі абвінавачання, а я ўжо апынуўся ў СІЗА. Звычайна трымаюць у ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання – аўт.), выбіраюць «заключэнне пад варту» як меру стрымання, і толькі тады чалавек трапляе ў СІЗА. Тым больш, далі спаткацца з жонкай, хоць падазроным такой мажлівасці звычайна не даюць. Трэба было, каб яна расказала аб гэтым усяму свету. На знешнепалітычнай арэне далі зразумець, што колькасць палітзняволеных у Беларусі можа пачаць расці ў любы момант. А мне такім чынам нагадалі, што мой лёс залежыць ад росчэрку пяра: «хлоп», і ўсё!
–Усім відавочна, што Пачобута запалохаць не атрымаецца нават тэрмінам, але часам адміністрацыя турмаў і калоніяў ідзе на надзвычайныя хады: «ламае» зэкаў у «прэс-хатах», падсажвае «апушчаных»… Не баіцеся?
– Думаю, што кожны гэтага баіцца. Але што гэта змяняе? Ведаеце, мне аддалі пашпарт па выхадзе, і мне падаецца, што калі б я сеў у машыну і паехаў бы ў кірунку Расеі, то мажліва яшчэ б «бобік» наперадзе паставілі б з мігалкай, каб хутчэй з’ехаў адсюль. Ім вельмі палегчыў бы сітуацыю мой ад’езд. Але я не зрабіў нічога дрэннага, я не злачынца, уцякаць я не буду. Я ведаю наконт формаў прэсінгу, якія зараз улада актыўна ўжывае супраць палітвязняў, але трэба паводзіць сябе так, як трэба паводзіць.
– Працягваючы тэму «страху»: на вашу думку СМІ, якія ўвесь час пішуць пра рэпрэсіі, больш падымаюць градус страху ў грамадстве альбо робяць патрэбную справу?
– Я лічу, што трэба пісаць пра ўсё, што адбываецца. Напрыклад, вядомая прэс-канферэнцыя Міхалевіча ўсё ж такі паўплывала на ўмовы ўтрымання ў «Амерыканцы». Гэта паказвае, што падаючы інфармацыю, журналісты могуць дапамагчы тым, хто знаходзіцца за кратамі. Ну і наогул, функцыя журналістыкі – інфармаваць грамадства, каб чалавек мог прымаць рашэнні, ведаючы, што адбываецца навокал.
– Улада больш баіцца Пачобута-журналіста альбо Пачобута-актывіста СПБ?
– Мне падаецца, што галоўная прычына – гэта мая журналісцкая дзейнасць. Калі б галоўны «мэсыдж» уладаў быў скіраваны на СПБ, падабралі б іншыя артыкулы з Крымінальнага Кодэксу. Арышт журналіста – адпачатку рэзанансная справа, хоць, безумоўна, грае ролю тое, што я паляк па нацыянальнасці і асоба, вядомая ў Польшчы. Пры гэтым мне вельмі крыўдна, бо я з’яўляюся грамадзянінам Беларусі, але гэтая краіна мяне выкарыстоўвае дзеля прэсінгу на іншую краіну…
– Так атрымліваецца, што ў Менску садзяць за мітынгі, а ў Гародні – за свабоду слова. Дастаткова прыгадаць справы М.Маркевіча, П.Мажэйкі, В.Леванеўскага, вашу апошнюю адсідку… Чаму так склалася?
– Думаю, на Гарадзеншчыне гэты механізм адпрацаваны і спецслужбы наўпрост выкарыстоўваюць падрыхтаваны сцэнар. Для сілавікоў тое, што яны бароняць гонар і годнасць Лукашэнкі – гэта шлях на гару, да пасадаў. Той жа Віктар Вегіра, намеснік старшыні КДБ, быў у свой час старшынём КДБ Гарадзенскай вобласці, вёў справу Леванеўскага, газету «Дзень»… Гэта паказвае, што такія людзі, якія выслугоўваюцца, патрэбныя пры любых зменах надвор’я на Беларусі.
– Цяжка даваць прагнозы адносна самога сябе, але ці ёсць у вас нейкае меркаванне наконт далейшага павароту справы?
– Я заўсёды рыхтуюся да горшага: мне пагражае 7 год і 9 месяцаў пазбаўлення волі: 2,9 год застаецца па старым прысудзе ды 5 год па новай справе. Звычайна механічнае складанне тэрмінаў не практыкуецца, але мажліва і такое. Ментальна я да гэтага падрыхтаваны: калі я сядзеў, дык ужо бачыў сябе маршыруючым у шэрых шэрагах з нумарам на грудзях (смяецца). Але гэта палітычная справа, залежыць яна ад вялікай палітыкі, а якімі шляхамі яна пойдзе зараз, думаю, нават Лукашэнка не ведае.
Фота аўтара