Ці выжывуць дрэвы на прывакзальнай плошчы Гродна?

Рэканструкцыю гарадзенскага вакзала плануюць завяршыць гэтай восенню. Абяцаюць і цёплыя падлогі, і інтэрнэт-кавярні, і гатэль… А на прывакзальнай плошчы – вялікую аўтастаянку. Але ці будзе там месца дрэвам?

Некалькі дзён таму на вуліцы Ажэшкі, акурат  там, дзе рамантуюць прывакзальныя дамы, высеклі два каштаны.

 

Хтосьці  скажа – ну, што там два дрэвы. Але вуліца Ажэшкі, як і Савецкая, на некаторых  участках нагадвае пустэльню. Не вельмі гасцінную ў гарачыя летнія дні.

 

Аднак вернемся да прывакзальнай плошчы: хопіць мімалётнага позірку, каб адзначыць, што падчас пашырэння дарогі  пашкоджаныя  карані амаль усіх каштанаў па вуліцы Будзёнага.

 

Праз пэўны час іх лісце пачне жаўцець, і яны загінуць. Тады дрэвы з чыстым сумленнем  спілуюць.

 

Ці высадзяць новыя дрэвы?

У “Гродназелянбудзе” адказалі, што за пасадку новых дрэваў адказвае тое прадпрыемства, што праводзіць рэканструкцыю плошчы ды будынкаў. Яно дасылае заяўку на азеляненне, а ўжо супрацоўнікі “Гродназелянбуду” распрацоўваюць праектную дакументацыю для зялёных насаджэнняў, праводзяць работы па захаванні дрэваў, якія трапляюць  на тэрыторыю будоўлі, займаюцца падрыхтоўкай самой тэрыторыі і глебы.

Аднак усё гэта толькі пасля атрымання  заяўкі.

 

Што тычыцца тэрыторыі вакол вакзала, то такую заяўку пакуль  ніхто не падаваў. Таму пытанне застаецца адкрытым.

 

Здымкі аўтара