І зноў грымяць мячы над полем бою

Фестывaль сярэднявечнай культуры «Наш Грунвальд» праводзіцца ўжо чацвёрты раз.

 

Год ад году ён збірае ўсё большую колькасць удзельнікаў. У гэтым годзе тут былі не толькі прадстаўнікі Беларусі, але і госці з Расеі.

 

Прымалі ўдзел у ім  гарадзенскія клубы «Кром» і «Гарадзенскі Двузуб», апошні ў складзе  аб’яднання рыцарскіх клубаў «Альянс наёмнікаў» і стаў перможцам у так званых «пяцёрках». Гэта зараз вельмі папулярная разнастайнасць баёў, калі рыцарскія клубы ці аб’яднанні выстаўляюць свае каманды ў складзе пяці чалавек.

 

У запалу амаль сапраўднага бою


Нагадаю, што  15 ліпеня 1410 года аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай падчас бітвы разбілі рыцараў Тэўтонскага ордэну. Яго магістр Ульрых фон Юнгінген быў забіты на поле бою. Перамога пад Грунвальдам спыніла крыжацкую экспансію на заходніх рубяжах ВКЛ, дазволіўшы дзяржаве праіснаваць яшчэ  амаль 400 гадоў.

 

Менавіта гэтую бітву інсцэніравалі ўдзельнікі фестываля. Можа не так маштабна, але, сапраўды відовішчна. Не абмінулі гэты фестываль і традыцыйныя масавыя бойкі – бугурты.

 

Сярэднявечныя ўпрыгожванні


Арганізатары прыдумалі нават невялічкі квэст на радасць гледачам – з кожнага боку выбіраліся «каралі», якія павінны былі, як у шахматах, трапіць на іншы бок поля.  За іх перасоўваннем з цікавасцю і захапленнем назіралі гледачы, выбіраючы фаварытаў і эмацыйна вітаючы перамогу таго ці іншага боку.  Па традыцыі, гэта, канешне, былі  «нашыя» – войскі Вялікага княства Літоўскага і «ненашыя» –  прадстаўнікі клубаў, якія займаюцца рэканструкцыяй па большай частцы ваенна-манашаскіх  ордэнаў. 

 

«Мірныя» забавы для гледачоў


Доўга думалі на якой мове гэта напісана


Акрамя мілітарысцскай накіраванасці, была і іншая – можна было навучыцца сярэднявечным танцам ды пачаставаць старадаўнія стравы. Аднак ужо за асобную плату. 

А ўвечары для удзельнікаў ды гледачоў быў арганізаваны канцэрт сярэднявечных гуртоў, сюрпрызам  і нечаканасцю якога стала выступленне гурта  «Neuro Dubel».

 Фота аўтара