«Электросила» ў Гродне паспрабуе канкураваць з Беластокам
Ужо даўно ў Гродне такія падзеі не суправаджаліся ніякай сэнсоўнай шоў-праграмай для першых наведнікаў: ці то ўласнікам не хапала грошай, ці то такі спосаб рэкламы пачалі лічыць занадта банальным. Тым больш парадавала адкрыццё «Электросилы» – з шарыкамі, квасам, піражкамі, падарункамі і выступам беларускай поп-зоркі. Вёў адкрыццё шоўмэн Віктар Шалкевіч. Як заўсёды, па-беларуску.
Жыхароў горада на адкрыцці сімвалічна прадстаўляў прадпрымальнік Віталь Макей, які, як сам прызнаўся, прыйшоў за халадзільнікам.
Прэс-рэліз пра адкрыццё крамы пачынаўся са словаў «Трымайся, мяжа!», а далей тлумачылася, што зніжкі ў першыя тры дні працы крамы – добрая альтэрнатыва шопінгу ў Польшчы (а гэтым у Гродне не займаецца толькі лянівы). Ці кошты змогуць канкураваць з беластоцкім – пакажа час. Акрамя сталых коштаў трэба ўлічваць акцыі і распродажы, эканомію часу і грошай на праезд, а таксама наяўнасць сэрвіснага абслугоўвання на месцы і магчымасць купляць у крэдыт – усё тое, што звычайна адсутнічае пры пакупцы тэхнікі ў Польшчы. Зніжка -25%, якая дзейнічае толькі першыя тры дні працы крамы – то бок да панядзелка 6 жніўня ўключна – падаецца вельмі прывабнай.
Людзі ў чарзе. Крама адчынілася зусім побач з не менш знаным канкурэнтам.
На адкрыццё крамы сабралося каля 250 чалавек, але гэтая колькасць, падаецца, толькі павялічвалася з часам, бо чарга ў краму не змяншалася, а рабілася ўсё большай і большай. Прысутныя маглі паслухаць рок-стандарты кшталту It’s my life ці Smoke on the water у выкананні Георгія Калдуна (безумоўна, таленавітага і харызматычнага вакаліста). Асабліва парадаваў жывы гук у выкананні Barilla’z Band, дзе на бубнах і бас-гітары граюць такія знакамітыя музыкі як Аляксандр Старажук і Слава Сяргеенка – ужо дзеля іх кароткага выступу варта было выбрацца на адкрыццё.
Георгій Калдун спяваў ужывую. Але, як толькі музыкі спакавалі інструменты, ён не вытрымаў і выканаў адну песню пад «фанеру».
Падарункаў было сапраўды шмат і пасля хвіліны праведзенай на сцэне падчас нейкага конкурса, можна было вярнуцца дадому з новай навігацыяй, фотаапаратам ці хаця б флэшкай. Тыя, каму менш пашанцавала, частаваліся бясплатным квасам і піражкамі, якія не сканчаліся.
Выбар тэхнікі ў краме аказаўся прыстойны, хаця, звонку магло б здавацца, што прасторы ўнутры ўсё ж паболей. Кошты вельмі розныя, можна сказаць, што на кожную кішэню. Пральныя машыны ад 2,5 мільёнаў (айчынны Атлант) да 9,5 (самы наварочаны Samsung). Разбег коштаў на пыласосы падобны: ад сціплага Scarlett за 400 тысяч да нямецкага Thomas за 6,9 мільёнаў, які больш нагадвае маленькі танк. Падобным чынам выглядаюць і паліцы з ноўтбукамі – прысутнічаюць мадэлі як коштам 4,9 мільёна, гэтак і 11 мільёнаў. Кепска, што прадстаўленыя ўсяго дзве фірмы: Samsung i Asus.
Трэба ўлічыць, што вышэйзгаданыя цэнавыя рамкі датычаць коштаў без зніжкі. То бок, да панядзелку ад кожнай сумы можна смела адымаць ¼. Тады кошты робяцца вельмі нават канкурэнтаздольнымі.
Сярод наведнікаў найбольшым попытам карысталіся рознага кшталту кухонныя прыстасаванні. Мяне ж узрадавала прысутнасць паважаных мною драўляных калонак Microlab з серыі Solo, якія падаюцца мне аднымі з самых удалых акустык за не самыя вялікія грошы.
Безумоўна, адкрыццё яшчэ аднога фірмовага салона тэхнікі ў Гродне цешыць – канкурэнцыя гэта заўсёды добра. Аднак, ці зможа «Электросила» канкураваць з Беластоцкімі крамамі, пра што гучна заяўляюць уладальнікі – пакажа час.
Некалькі маладых пар атрымала ад шчодрых арганізатараў скараваркі.