Лета ў горадзе: адпачываем у Пышках

Туды і накіраваліся.

 

Каля ўваходу ў лес месціцца міні-кавярня “Колобкі”, дзе можна падсілкавацца блінчыкамі, набыць ваду ці газаваныя напоі.

 

Непадалёк – пракат веламашын, якім мы і вырашылі скарыстацца. І не пашкадавалі!

Станоўчыя эмоцыі зашкальвалі. Несціся з горкі на хуткасці, канешне,не пажадана, бо тут жа на асфальтаванай дарожцы гуляюць мамы з дзецьмі і пажылыя людзі.

 

Па-гэтаму, трымайцеся правага боку, як сказалі нам у пракаце. Веламашынкі ў пракаце адна – і двухмясцовыя. Браць можна на паўгадзіны ці гадзіну. Майце на ўвазе, што трыццаць хвілін – гэта вельмі мала для таго, каб па колу аб’ехаць ўсю сцежку. Ды і не трэба. Вельмі ж шмат напрыканцы яе ўздымаў, а спускаў няма. Аднак краявіды вельмі ж прывабныя!

Калі вас больш цікавіць актыўная і хуткая язда – лепшы варыянт, які выбіраюць “бывалыя”, ехаць да сярэдзіны сцежкі і вяртацца. Такіх заходаў за паўгадзіны можна паспець зрабіць некалькі. Гадзіна ж дазваляе няспешна праехаць усю сцяжыну, даўжыня якой складае 5 кіламетраў. Па дарозе можна адпачыць на лаўках ці прыпыніцца каля спартовых пляцовак.

У Пышках на пракат можна ўзяць яшчэ ровары ды ролікі, чым актыўна і карыстаюцца гараджане. Па сутнасці, гэта хіба што не адзіная такая веладарожка ў нашым горадзе. Праўда, веладарожка нейкая імправізаваная. Часцяком тут атрымліваюцца здарэнні, з удзелам раварыстаў і веламашынак. Месца мала, як высвятлілася. Усім не хапае.

 

У самім лесе працуе некалькі летніх кавярняў, прадаецца і марозіва, праўда, толькі гродзенскай вытворчасці. Калі гэтыя прапновы не задавальняюць, можна дайсці да Кронан Парк Гатэлю, дзе выбар, канешне, большы. Ад паўнавартаснага абеду да дэсертаў.

 

Яшчэ адна магчымасць адпачыць – гэта пляж.

Нягледзячы на тое, што ён “дзікі” і не прызначаны для бяспечнага знаходжання на вадзе, у добрае надвор’е там вельмі шмат купальшчыкаў. Пляж не прыстасаваны для цывілізаванага адпачынку – няма ні сметніц, ні кабінак для пераапранання, ні, напрыклад, спецыяльна адведзенага месца для купання дзяцей.

 

Што колькі каштуе:

Пракат веламашын- 2-х мясцовая – 20 тысяч за 30 хвілін, 1-мясцовая – 15 тысяч.

Пракат ровараў- 25 тысяч.

Абед у рэстаране Кронан Парк Гатэль абыдзецца ад 77 тысяч (Паста). Дэсерты – ад 35 тысяч (цёплы вішнёвы пірог).

Марозіва – ад 2500.