На Нёмане адкрыліся парэшткі нямецкага мосту
У 1915 г., пасля заняцця Гродна кайзераўскімі войскамі, немцы пабудавалі некалькі пантонных пераправаў праз Нёман. Часцей за ўсё гэта былі лёгкія масты для перакідвання войскаў, якія трымаліся на чоўнах. Было такіх мастоў у горадзе не менш за чатыры. Ужо ў 1916 г. было пабудавана некалькі вялікіх мастоў, але таксама драўляных. Адзін з іх з’явіўся каля ўзарванага адступаючымі расейскімі войскамі аўтамабільна-гужавога («Старога») мосту. Другі быў пабудаваны паралельна ўзарванаму чыгуначнаму мосту.
Фота часоў І Сусветнай вайны з відам на пераправу (з калекцыі Фелікса Варашыльскага)
Знойдзеныя парэшткі хутчэй за ўсё належаць да трэцяга мосту, які з’яўляўся, фактычна, аб’яздным вакол горада. Да яго была пабудаваная і, так бы мовіць, інфраструктура: спуск з сучаснай вуліцы Міра і пад’ём, які зараз выходзіць на вул. Фестывальную. Як бачна з нямецкага фотаздымку, мост быў даволі высокі – метраў восем ад узроўню вады. У 1919 г. немцы пакідалі горад, але мастоў за сабой не бурылі. Захаваліся нават звесткі, згодна якім нямецкае камандаванне спрабавала прадаць (!) масты і пераправы гарадскому магістрату. Таму гэты мост хутчэй за ўсё быў знішчаны ўжо падчас польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 г.
Доўгія каваныя цвікі ад драўлянай канструкцыі
Драўляныя сваі захаваліся дзякуючы знаходжанню ў вадзе без кісларода – ў такіх умовах яны сталі толькі больш трывалымі. Вядома, напрыклад, што нават фундаменты каменных шлюзаў Аўгустоўскага канала зробленыя з дрэва – маронага дубу.
Агульны выгляд – востраў нібы толькі што адарваўся ад берага
Вострава паміж «Старым» і «Новым» мостамі ў часы І Сусветнай, вядома, не было. Ён з’явіўся ўжо на мяжы 1960-70-х гг., падчас будаўніцтва «Новага» мосту. Насыпалі яго каб падкарэктаваць плынь Нёмана і пусціць яе роўна паміж апорамі.
На першы погляд – звычайныя масткі для прання бялізны…
…насамрэч – парэшткі апораў старадаўняга мосту.
Зараз адбываецца напаўненне ГЭС у пасёлку Берагавы, з чым і звязанае беспрэцэдэнтнае абмяленне Нёмана. Праз паўтары тыдні ГЭС збіраюцца адчыніць, пачнецца спуск вады, таму тэарэтычна рака вернецца да свайго старога ўзроўню, а з’явіўшыяся, нібыта ў купальскую ноч, скарбы даўніны зноўку апусцяцца пад срэбныя хвалі Бацькі-Нёмана.
Фота аўтара