Праваабарончы рэп супраць смяротнага пакарання
Стварылі яго маладыя дзяўчаты з магілёўскага рэп-гурта “Прадмова” Роня Ронічі Каця Красавік пры ўдзеле Уладзіміра Някляева, Адама Глобуса, Любові Кавалёвай і праваабаронцаў, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Гісторыя з’яўлення гэтага відэа-кліпа і вельмі простая, і незвычайная. У мінулым годзе на адной з летніх школаў па правах чалавека сустрэліся маладыя спявачкі і выпускнік Акадэміі мастацтваў з рэжысёрскага факультэту.
Трэба сказаць, што на тэму смяротнага пакарання падчас школы адбылася не адна гарачая дыскусія, і моладзь вырашыла зрабіць свой унёсак у справу найхутчэйшага вырашэння гэтай балючай для Беларусі праблемы. І зрабілі — сваімі сродкамі: напісалі словы і музыку, сцэнар, і ў пачатку жніўня адбыліся здымкі самога відэакліпа.
Падтрымку сваім аўтарытэтам у стварэнні кліпа аказалі вядомыя ў Беларусі людзі — паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў, паэт і мастак Адам Глобус, прыняла прапанову ўдзельнічаць у здымках і маці расстралянага зусім нядаўна Уладзіслава Кавалёва — Любоў Кавалёва. За гэтую падтрымку — ім асобны дзякуй.
У канцы кліпа вы пабачыце спасылку на петыцыю, якую можа падпісаць кожны, каб выказаць сваё стаўленне да пакарання смерцю http://petition.spring96.org/.