Адпускныя цэны на малако, смятану і тварог павышаюцца на 35%

|

Гранічныя максімальныя адпускныя цэны на нізкатлустыя віды малочных прадуктаў у Беларусі павышаюцца ў жніўні на 35%, а ў верасні на 4%.

 

Каментуючы гэтую інфармацыю, у міністэрстве эканомікі адзначылі, што вытворчасць малака невысокай тлустасці і малочных прадуктаў без дабавак апошнім часам практычна спынілася ў сувязі з іх стратнасцю.

 

І гэтыя прадукты, якія прынята называць “сацыяльным малаком”, практычна адсутнічаюць на прылаўках крамаў.

 

Для павышэння зацікаўленасці вытворцаў у павелічэнні выпуску такіх прадуктаў пастановай №68 павышаюцца гранічныя максімальныя адпускныя цэны на іх. Гэта датычыцца малака і кефіру тлустасцю да 3,5%, смятаны тлустасцю да 25%, тварагу тлустасцю да 9% без смакавых дабавак і напаўняльнікаў.

 

Так, напрыклад, гранічная максімальная адпускная цана на літр малака тлустасцю 1,5% у поліэтыленавым пакеце ў жніўні будзе павышана з 1415 да 1 910 рублёў.

 

Гэта значыць, што вытворцы змогуць падняць адпускную цану на свой тавар да гэтай мяжы пры продажы гандлёвым арганізацыям. У магазінах паўтарапрацэнтнае малако без дабавак будзе адпаведна даражэйшае, да яго кошту будзе дабаўлена гандлёвая надбаўка (да 11%), ПДК (10 %), а таксама кошт упакоўкі, калі гэта не поліэтыленавы пакет.

 

Акрамя таго, гэтай пастановай Мінэканомікі прадугледжана магчымасць павышэння на 4% у месяц арганізацыямі-вытворцамі ў жніўні і верасні 2012 года адпускных цэн на высакатлустыя віды малака, кефіру, смятаны, тварагу, а таксама на названыя малочныя прадукты са смакавымі дабаўкамі і напаўняльнікамі.

 

З 11 жніўня ў Беларусі таксама на 10% павысяцца цэны на хлеб, батоны і мяса куранятаў