Футбалісты “Нёмана” буйна перамаглі ў Жодзіне
Футбольны чэмпіянат краіны аднавіўся 11 жніўня пасля працяглага перапынку, звязанага з удзелам зборнай Беларусі ў Алімпійскіх гульнях.
Гарадзенцы першую жнівеньскую сустрэчу правялі ў нядзелю ў гасцёх супраць жодзінскага “Тарпеда-БЕЛАЗ”.
Усе тры гульні ў мінулым сезоне і адна ў гэтым паміж супернікамі нязменна сканчаліся ўнічыю. Гэтым разам, аднак, перавага “Нёмана” была бясспрэчнай.
Лік у сустрэчы ў першым тайме адкрыў Лявіцкі (20 хв.). Пасля перапынку забівалі Лясюк (60 хв.), Дзянісевіч (70 і 90-я хв., з пенальці) і серб Весялінаў (79 хв.). Адзіны гол у адказ гаспадары правялі толькі на 3-й дададзенай арбітрам хвіліне (Вяргейчык).
Пасля гэтай перамогі “Нёман” замацаваўся на 6-м радку ў турнірнай табліцы, адстаючы на 3 ачкі ад “Мінска”.
Наступную сустрэчу гарадзенцы згуляюць 19 жніўня на сваім полі супраць наваполацкага “Нафтана”.
12 жніўня.
“Тарпеда-БЕЛАЗ”, Жодзіна – “Нёман” 1-5
Фота з архіву fcneman.by