Стакгольм – горад маёй мары

| Без катэгорыі



Мы землякі па халадэчы,

Па рыфмах хісткіх дружбакі.

Відаць, яшчэ з Сярэднявечча

У Стакгольме крумкаюць крукі.

 

А верас мой на баравіне

Нардычным позіркам гарыць.

Не ведаю, як на лаціне –

Па-шведску ўмее гаварыць.

 

Рыгор Барадулін

(прысвячэнне шведскаму паэту Крыстоферу Леандоэру)

  

Частка першая. Турыстычная

 

 

І сапраўды – прыязджаючы ў Стакгольм, адчуваеш, быццам ты дома. Дзіўнае адчуванне, улічваючы, што гэта зусім іншая краіна. Але тое, што ці то яна падобна да нашай, ці то нашая да яе, бачна ўжо, калі едзеш з аэрапарта Арланда ў Стакгольм. Сапраўдныя беларускія пейзажы – бярозы, ялінкі ды сосны. Толькі выбіваюцца шэрыя глыбы каменняў, якія сталі сапраўдным сімвалам горада. Улады не хаваюць іх, не тынкуюць, каб было прыгожа, а наадварот, пакідаюць іх неаапрацаваную прыродную прыгажосць.

 

Станцыя метро “Універсітэт”

 

Інтэр’ер знакамітага стакгольмскага метро, якое выбіта, па сутнасці, у скалах, дзякуючы гэтаму і застаецца ўнікальным. Сапраўды, многія станцыі аформлены ў на дзіва адважным наватарскім духу. Нягледзячы на тое, што будаваліся шматлікія з іх у 1970-я гады, выглядаюць яны вельмі сучасна. Станцыі, у першую чаргу глыбокага залажэння, выглядаюць як пячоры з наскальным роспісам. Сечаная паверхня сцен ды прамыя лініі сістэм асвятлення – вось і ўся архітэктура. Астатняе – жывапіс і інсталяцыі.

 

Асноўнай асаблівасцю гэтага метрапалітэна з’яўляецца тое, што пры яго афармленні выкарыстоўвалася мінімальнае ўкладанне іншых матэрыялаў. Метро ствараецца ў трывалых скальных пародах, таму пры яго стварэнні горныя пароды пакінулі практычна некранутымі. Уваходы ў гэтую галерэю пазначаюцца шыльдамі з вялікай літарай Т (T-Bana) сіняга колеру. Працуе Stockholms tunnelbana з 5.00 да 1.00, па пятніцах і суботах да 4.00.

 

 

Стары горад

 

 

Спатрэбіцца не адзін дзень, каб абысці ўсе цікавыя станцыі стакгольмскага метро, ужо не кажучы пра сам Стакгольм.

 

Пачаць трэба, напэўна, з самага старога раёна горада – Гамластана, які размясціўся на востраве Стадсхольмен. Шпацыраваць па ім можна бясконца, адкрываючы для сябе ўсё новыя і новыя грані гэтага старадаўняга горада. Можна пайсці да Каралеўскага палаца ці на Вялікую плошчу, ці паглядзець на Нямецкую царкву…

У любое надвор’е горад вельмі прыгожы

 

Мы паспрабавалі ўбачыць горад з экскурсаводам. Інфармацыі шмат, да таго абмежаваны час – вось і атрымліваецца экскурсія на бягу. Па мне – лепш адкрываць свой Стокгольм. Для кожнага ён іншы. Спакойны і сярэднявечны, з вузкімі вулкамі, старымі будынкам ці жвавы, хуткі з вялікай колькасцю бараў і начных клубаў, ці ўтульны з чыстым паветрам і паркамі…

 

Панарама горада

 

Тым больш зрабіць гэта можна дастаткова танна – на грамадскім транспарце.

 

Агледзець Стакгольм можна, зручна ўладкаваўшыся ў гарадскім аўтобусе № 47 або № 69. Маршрут 47 ідзе на востраў Djurgården (парк-музей пад адкрытым небам Skansen, музей Vasamuseet). А маршрут 69 – у раён Gärdet (Гердэт), дзе размешчана тэлевізійная вежа Kaknästornet (Какнэстурнет).

 

 

Джугардэн – востраў-музэй

 

 

Пра востраў Djurgården хочацца сказаць асобна. Ехаць на яго трэба хіба што на цэлы дзень. Акрамя аўтобуса, туды можна дабрацца і гарадскім паромам,які ўваходзіць у сістэму грамадскага транспарта.

 

Акрамя вядомага музея Скансэн, тут «жыве» ваенны карабель «Ваза», які так і не адправіўся ў сваё першае плаванне, патануўшы недалёка ад выспы. Цягам некалькіх гадоў пасля гібелі «Вазы» прадпрымаліся неаднаразовыя спробы яго ўздыму. Характэрна, што асноўнай прычынай гэтых спроб была нават не каштоўнасць карабля як такога, а 64 дарагія бронзавыя гарматы, што патанулыя разам з ім. На працягу 1664-1665 гадоў з «Вазы» было паднята 53 гарматы. Яшчэ адну паднялі у 1683 годзе. На гэтым спускі на «Вазу» ў XVII стагоддзі былі спыненыя, бо цікавасць да яго знікла. Карабель быў узняты на паверхню 24 красавіка 1961 года, а 16 жніўня 1990 года вакол яго на выспе Юргордэн быў адкрыты музей. Будынак, які пабудавалі адмыслова для гэтай экспазіцыі, дазваляе агледзець карабель з сямі паверхаў і з розных бакоў.

 

Карабель Vasa

 

Цікавымі для наведвання ёсць таксама знакаміты музэй Юнібакен – свет казак дзіцячай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн ды Паўночны музей (Nordiska museet), прысвечаны культуры і гісторыі Паўночнай Еўропы. Ён быў заснаваны ў канцы XIX стагоддзя Артурам Хазеліюсам, які таксама заснаваў музей пад адкрытым небам (скансэн). Для Паўночнага музея ён альбо атрымліваў у дарунак, альбо купляў прадметы мэблі, адзення, цацкі з усёй Швецыі, а таксама іншых паўночных краін. Яго цікавіла пераважна сялянская культура, але ягоныя паслядоўнікі таксама сталі збіраць прадметы характэрныя для буржуазнага і гарадскога жыцця.

Помнік Астрыд Ліндгрэн каля музея Юнібакен

 

 

Невядомымі сцежкамі

 

 

Аднак у наведванні ўсіх гэтых музэяў ёсць адзіны мінус – разам з вамі наведаць іх хоча вялікая колькасць турыстаў з розных краін свету. Асабліва іх шмат, калі чарговы турыстычны лайнер швартуецца ў Стакгольмскім порце.

 

Лайнеры сыходзяць з порта

 

 У Стакгольме існуе шмат месцаў, куды турысты не даходзяць. Напрыклад, надта шмат кавярняў у старым горадзе. Кошты там не самыя танныя. Куфаль піва можна набыць за 6-7 еўра. Аднак, калі адысці крыху далей ад турыстычных сцяжынак, можна трапіць у дастаткова ўтульныя і недарагія кавярні (кошты параўнальныя да коштаў у нашых кавярнях), а таксама выдатныя мясціны.

Напрыклад, помнік у гонар шведскай джазавай спявачкі Монікі Зетэрлюнд у стакгольмскім раёне Васастан (Vasastan). Ён уяўляе сабой вялікую драўляную лаву, усталяваную ў парку, які носіць імя спявачкі. Як толькі мінак сядае на лаву, тая пачынае прайграваць яе запісы. Рэпертуару хапае на гадзіну. Раён Васастан размяшчаецца на поўнач ад цэнтральнай часткі Стакгольма і да гэтага часу застаецца не адкрытым турыстамі, нягледзячы на багацце добрых рэстаранаў, дызайнерскіх магазінаў і на тое, што менавіта тут, па задумцы Астрыд Ліндгрэн, жыў Карлсан.

  


Некаторыя кошты:

  

Аплата праезду ў Стакгольме мае свае асаблівасці. Горад падзелены на 3 тэрытарыяльныя транспартныя зоны, і квіткі зон дзейнічаюць для ўсіх відаў транспарту цягам 1 гадзіны. Квіткі можна купіць у кантралёра станцыі метро, у SL-цэнтры, у кіёсках сеткі Pressbyra, у білетных аўтаматах, якія ёсць на аўтобусных прыпынках, або па тэлефоне праз SMS (1 білет каштуе 20 крон – 2,6 долара). Таксама можна купіць за 100 крон адмысловы турыстычны білет, які дазваляе падарожнічаць на ўсіх відах транспарту 24 гадзіны ці праяздны на тыдзень, які будзе каштаваць 300 крон. На ўваходзе ў метро стаяць звыклыя для нас турнікеты, аднак яны прыстасаваныя толькі для ўладальнікаў праязных. Усе іншыя пасажыры праходзяць праз калідор побач са шкляной кабінай кантралёра.

 

Уваходныя квіткі ў музеях вагаюцца ад 60 крон і ў сярэднім да 130-150.

 

Напрыклад, у Паўночным музеі ўваход каштуе 60 крон, для дзяцей – бясплатна. Па серадах з 16:00 да 20:00 – бясплатна для ўсіх.

 

Існуе так званая картка турыста, якая дае магчымасць наведаць бясплатна і з рознымі зніжкамі больш за 80 музэяў і экскурсій. Набыць яе можна, напрыклад, адразу ў зале прылётаў аэрапорта Арланда. Яна дзейнічае 24, 48 або 72 гадзіны з першага яе выкарыстання. Замовіць яе можна і анлайн на www.visitstockholm.com. Кошт – ад 40 еўра. Дзіцячыя карты (для маленькіх турыстаў ад 7 да 17 гадоў) прыкладна напалову танней, але іх прадаюць толькі разам з дарослай. Калі ў аднаго з бацькоў ёсць карта, дзеці да 7 гадоў могуць карыстацца ўсімі паслугамі бясплатна.

 

Абменны курс: 1 крона = 1200 беларускіх рублёў

 

У наступных частках пра каралеўскі горад Стакгольм мы больш распавядзем пра цікавыя экалагічныя рашэнні, што робяць яго адным з самых чыстых гарадоў Еўропы, аб тым, як вандравалі па Швецыі на пачатку ХХ стагоддзя ды шмат чаго іншага.

 

Фота аўтаркі

 

Чытай пра іншыя падарожжы з дапамогай нашай інтэрактыўнай падарожнай мапы!

 


Глядзі Мапу падарожжаў “Твайго стылю” у большым памеры