Святочныя колеры Беларусі

Свята Дня перамогі ў Гродна пачнецца з шэсця ветэранаў а 10.00 і скончыцца праз 12-ць гадзін салютам на Савецкай плошчы. Дзень абяцае быць традыцыйным: мітынг, парад вайскоўцаў, канцэрты на гарадскіх пляцоўках і святочны кірмаш з беляшамі і зніжкамі.


Але на гэтым «майскія святы» не скончваюцца. 10-га траўня ў рэспубліцы будуць адзначаць Дзень дзяржаўнага герба і сцяга. Сучасныя сцяг і герб былі «прыняты» на рэферэндуме 1995-га. Да гэтага некалькі гадоў па ўсёй краіне лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Яго гістарычная і, дарэчы, эстэтычная каштоўнасць былі такімі, што гродзенцы з задавальненнем набывалі яго і вывешвалі на балконах, дзяўчаты завязвалі валасы бел-чырвона-белымі стужачкамі, а мой сын-падлетак патрабаваў, каб я прышыла на белую кашулю чырвоную паласу.

Асацыюецца бел-чырвоны колер ў мяне і з нашым прэзідэнтам…

Падчас таго, як я брала інтэрв’ю ў Віктара Ганчара (які да гэтага часу лічыцца прапаўшым, а тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету РБ яшчэ да распаду СССР) і мы з ім ўжо развітваліся на лесвіцы ўрадавага будынку, міма нас пранёсся малады энэргічны мужык:

– Саша Лукашэнка, – сказаў Віктар Ганчар. – Перспектыўны хлопец…

«Хлопец» быў у белых шкарпэтках і з чырвоным тварам. Мусіць, бег змагацца з карупцыяй… На пашпартах тады быў герб «Пагоня», а ў сэрцах беларусаў – упэўненасць, што «усё у нас атрымаецца». Чатырнаццаць гадоў для гісторыі – імгненне, для чалавека – чвэрць жыцця. А гербы і сцягі, як дарожныя знакі, усяго толькі вызначаюць, куды мы бяжым…

Алена Раўбецкая

Фота на застаўцы bka-by.livejournal.com

>

Фота Хрысі Марчук