“Добрая фатаграфія” Зянона Пазняка

|

У кніжнай серыі «Гарадзенская Бібліятэка» пабачыла свет новая кніга Зянона Пазняка — «Добрая фатаграфія». Кніга складаецца з 56 эсэ на 239 старонках пра фатаграфіі з краінаў Еўропы і Амерыкі ад сярэдзіны 19 ст. да нашых дзён.


Гэтай кнігай Зянон Пазняк прэзентуе сябе як мастацтвазнаўца, дасведчаны фатограф і праваднік у свет прыгожага.

«Добрая фатаграфія» кніга вельмі інтымная. Пазняк адкрывае ёй частку сябе, сваёй натуры. Гэтая кніга будзе цікавая і прыхільнікам Зянона, і тым, хто працуе над стварэннем яго псіхалагічнага партрэта. Гэта кніга для тых, каму цікава глянуць на свет і Беларусь у ім вачыма Зянона.

«Добрая фатаграфія» таксама ёсць своесаблівым фотападручнікам па гісторыі Заходняй цывілізацыі, якой Зянон надае сваё, уласнае тлумачэнне. Гэта кніга, дзе жывуць побач Кастусь Каліноўскі і Жаклін Кэнэдзі, Васіль Быкаў і каралева Лізавета ІІ, Рыгор Барадулін і Одры Хэпбёрн. На гэтых здымках каханне і здрада, перамогі і паразы, смерць і надзея, маладушша і геройства, наша Радзіма, якой была і якой ёсць.

«Добрая фатаграфія» таксама кніга, дзе Зянон Пазняк дае ацэнку працам сучасных беларускіх фатографаў і журналістаў:

Сяргея Грыца, Уладзіміра Кармілкіна, Антона Матолькі, Андрэя Лянкевіча, Васіля Фядосенкі, Віктара Драчова, Глеба Лабадзенкі, Сяргея Шапрана ды многіх іншых.

 

На старонках кнігі «Добрая фатаграфія» Зянон Пазняк піша:

«Да пачатку палітычнай дзейнасці ў мяне сабралася каля 50 тысячаў негатываў. Некалькі кніг па мастацтву і культуры (у рукапісах і чарнавіках), матэрыялы (якія, мяркую, ужо загінулі) па археалагічных раскопках Менска і мястэчак. Тое што засталося, зразумела, хутчэй за ўсё таксама загіне (а што не загіне — знішчаць). У нашым грамадстве гэта звыклая справа пры ўсіх рэжымах і акупацыях. Да знішчэння культуры і даробку жыцця трэба быць псіхалагічна падрыхтаваным, бо перманентная вайна з ардой — ідзе ўжо не на межах, яна ўнутры нас самых з таго часу як упусцілі вандроўнікаў у свой дом.

Ці шкода страціць творчы набытак сваёй працы? Шкода, вядома, але прымаю, як лёс, бо 20 гадоў таму быў зроблены выбар жыцця — за незалежнасць. З’явіўся шанец. І яго трэба было скарыстаць. Займацца палітычнай барацьбой, змагацца з камуна-маскоўшчынай і заставацца ў навуцы, у археалогіі, у мастацтве, у творчасці — было немагчыма. Тут альбо-альбо. Напісаныя і падрыхтаваныя кнігі, манаграфіі, даследванні, фатаграфіі, вершы, творчасць — усё было кінута, не азіраючыся, безаглядна. Бо калі б азірнуўся — ператварыўся б у «солевы слуп».