Бывай, Паша!..
Увосень 2008 г., падчас усплеску лібералізацыі, які запомніўся памятным візітам кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава ў Польшчу, Павал Латушка прысутнічаў на развітальнай сустрэчы «Калегіўма Еўропы Ўсходняй» ва Ўроцлаве. Менавіта «развітальнай», бо надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў РП клікалі са зваротам у Менск. У прыватных размовах гучалі даволі смелыя ноты: Павал Паўлавіч бачыў сябе калі не кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта, дык прынамсі ягоным намеснікам. На агульнапалітычным фоне ўсё гэта выглядала вельмі аптымістычна і, як падавалася, цалкам рэальна…
Рэаліі, аднак, аказаліся куды больш сціплымі: Латушка атрымаў партфель міністра культуры, што, канешне, таксама не мала. І тут пачынаецца самае цікавае: самы малады, а тым больш беларускамоўны міністр выклікаў фурор у «апазіцыйных» колах – упершыню лукашэнкаўскі чыноўнік раіў студэнтам вітацца з раніцы па-беларуску, абавязкова прачытаць аповед Быкава «У тумане», скінуцца грашыма на вяртанне Статута ВКЛ…
Інтэрнэт выбухнуў фотаздымкамі: Латушка танчыць польку на народным свяце, Латушка ў смокінгу разам з прыгожай незнаёмкай, Латушка ў швэдары на канцэрце Кустурыцы ў Менску… Маладая і энергічная асоба, якая, у адрозненні ад звыклых геронтаў а-ля КПСС, не забывалася на піяр, спадабалася публіцы: «Вось – будучы прэзідэнт!», «…а разам з ім і першая ледзі», – падобныя каментары можна дагэтуль знайсці ў архівах сайтаў незалежных СМІ.
Праект «Латушка», а разам з тым і лібералізацыя, канчаткова перасталі быць актуальнымі ў снежні 2010 г. Шлях рэформаў і паступовага прывядзення да ўлады каманды «маладых мэнэджэраў», прымальных для Еўропы, як гэта адбылося за часамі рэжыма генерала Франка ў Гішпаніі, не атрымаў жыцця.
Адкінуўшы на хвіліну вялікую палітыку ў бок, паглядзім, што зрабіў, альбо хутчэй не зрабіў міністр культуры на сваёй пасадзе, якую займаў з чэрвеня 2009 г. Абяцанняў было ад пачатку багата:
– усталяваць помнік Багдановічу ў Гародні (меўся паўстаць у 2011 г. да 120-годдзя з дня нараджэння паэта)
– зняць фільм паводзе рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»
– усталяваць серыю білбордаў з цытатамі Караткевіча таксама да юбілею: 80 год з дня нараджэння…
Спіс няпоўны, бадай толькі тое, што прыйшло на памяць. Абяцанне змяніць канцэпцыю «Славянскага базару», якое прагучала ў інтэрв’ю «Звяздзе» праз 4 месяцы пасля прыходу на пасаду, пачварным чынам перакруцілася ў цынічную ўзнагароду Філіпа Кіркорава ордэнам Скарыны з рук міністра «за значны ўклад ва ўмацаванне беларуска-расейскіх культурных сувязяў і …высокае выканаўчае мастацтва».
«Перспектыўны пераемнік» аказаўся блазнам, якому прэзідэнт, нібыта Сталін на сваёй загараднай дачы напрыканцы 40-ых, можа сказаць падчас паседжання з усмешкай: «Паша, а ну ка скажы нам чё-небудь по-белорусски!?»
Што мы маем у выніку? Чарговая беларуская мара аб тым, што «ўсё неяк само абыйдзецца», што «і пры ўладзе можна рабіць сваю справу», лопнула нібыта мыльная бурбалка. Менш ілюзіяў – болей здаровага сэнсу.
І яшчэ адзін момант: каб знішчыць беларускага чыноўніка, не варта купляць выбухоўку ды адсочваць ягоныя шляхі перасоўвання – варта ўсяго толькі змясціць пару пазітыўных рэпартажаў аб ім у незалежных СМІ, напісаць з-дзесятак хвалебных каментароў, назваць яго «будучым прэзідэнтам» і «еўрапейскім палітыкам»… карацей, узяць у свае абдымкі як мага шчыльней, каб не заставалася сумненняў у вашым шчырым сяброўстве.
І тады ўсё атрымаецца!
Алесь Кіркевіч, аглядальнік “Твайго стылю”