«Дух горада» ў дзесяці гісторыях

Дзесяць сем’яў, якія сталіся героямі праекта, гэта даволі вядомыя ў горадзе прозвішчы, лёс якіх звязаны з Гродна ўжо не першае і не другое пакаленне. Сённяшнія іх прадстаўнікі, якія на адкрыцці выставы стаялі побач са стэндамі, гэта Віктар Саяпін, Януш Паруліс, Юры Гумянюк, Алесь Кіркевіч (аглядальнік “Твайго Стылю”) ды іншыя людзі, звязаныя з культурным і грамадскім жыццём горада.

 

– Мы стараліся выбраць гісторыю сем’яў тыповых – такую, якую кожны з нас мог бы напісаць, калі б пакапаўся ў сямейным архіве. З іншага боку, гэтыя сем’і сваёй тыповасцю ствараюць каларыт горада, – сказаў падчас адкрыцця гісторык Андрэй Вашкевіч, адзін са стваральнікаў праекта.

 

 

Кожнай сям’і быў прысвечаны асобны густоўна выкананы стэнд з копіямі здымкаў з сямейных альбомаў ды кароткай інфармацыя пра гісторыю роду. Некаторыя стэнды здзіўлялі глыбінёй ведаў ды геаграфіяй продкаў – часам яна ахоплівала не адзін кантынент. Продкі сённяшніх гарадзенцаў траплялі ў наш горад з розных месцаў і рознымі шляхамі, але ўсіх аб’яднала тое, што яны сталіся гарадзенцамі.

 

Як адзначыў Андрэй Вашкевіч, «ідэяй было паказаць не дзесяць беларускіх, а дзесяць менавіта гарадзенскіх сем’яў»:

 

– Нашай мэтай было паказаць гарадзенскую разнастайнасць – тое, што вельмі розныя людзі, прадстаўнікі розных народаў, рознага сацыяльнага паходжання, жыхары розных частак свету, трапіўшы ў наш горад у самы розны час, станавіліся гарадзенцамі. Нешта пачынала іх аб’ядноўваць, дух горада, праз што яны станавіліся сваякамі.

 

Юры Гумянюк: «Гарадзенцаў адрознівае вельмі багатая гістарычная памяць»

 

Адна з прадстаўленых сем’яў – габрэйская сям’я Капіцаў, архіў якой быў знойдзены выпадкова на нейкім гарышчы, загінула цалкам у гарадзенскім гета.

 

Сям’я Варашыльскіх у сваю чаргу ў дадзены момант у горадзе не жыве, але ж кожнаму, хто хоць троху цікавіцца гісторыяй Гродна, мусіць быць вядомы Фелікс Варашыльскі – знакаміты калекцыянер старых гарадзенскіх паштовак з Гамбурга.

 

 

– Гэтую справу можаце далей рабіць з намі вы – проста зазірнуўшы ў свае альбомы, на свае паддашшы. На ўсе гэтыя матэрыялы трэба глядзець з перспектывы таго, што гэта вялікая-вялікая гісторыя, – казаў Эдвард Дзмухоўскі з «Гарадзенскай Бібліятэкі». – Без гэтага падручнік па гісторыі на 300 старонак і дзесяць вякоў не напішаш. Давайце рабіць гэта разам.

 

На выставе можна было пазнаёміцца з кнігамі серыі «Гарадзенская бібліятэка», у тым ліку з навінкай – кнігай Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія».

 

Выставу можна паглядзець да 10 верасня ўключна.