Эка-актывісты запрашаюць на агульнагарадскую прыборку ў Гродне

|

Па ўсім свеце акцыі такога кшталту ладзяцца ўжо не першы год. У Еўропе рух змагароў за чысціню прыроды глабальны і маштабны. Напрыклад, у краінах Прыбалтыкі акцыі ладзяцца штогод, змяняюцца толькі фарматы і назвы, і налічваюць тысячы удзельнікаў. У нашай краіне рух толькі пачынае набіраць абароты. Гэтым разам лозунг мерапрыемства – “Зробім!”. Яго ўдзельнік мараць цягам аднаго дня прыбраць планету.

 

Група гарадзенскіх валанцёраў ўжо ладзіла акцыі па зборы смецця: летась яны прыбіралі ў Пышках, Румлёва. Галоўны прынцып тут – добраахвотнасць. Трэба, каб людзі людзі выходзілі на прыборку не пад прымусам, а добраахвотна, разумеючы важнасць гэтага мерапрыемства.

 

Юля Каляда, арганізатарка селетняй акцыі ў Гродне:

Пра акцыю “Зробім!” мы, беларускія эка-актывісты, даведаліся вясной і папрасілі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падтрымаць нас. У канцы жніўня атрымалі дазвол на правядзенне акцыі, таму ўсе рабім свабодна і афіцыйна. Усе структуры гатовы нам дапамагаць.

Асноўная цяжкасць з добраахвотнікамі, таму мы запрашаем усіх жадаючых. Колькі б ні вышла  чалавек, гэта ўжо будзе поспехам. Бо ўсе, што было зроблена – гэта крокі наперад. Аднак больш важным падаецца змяніць стаўленне людзей да праблемаў смецця. Вельмі часта цяжка зразумець, чаму дарослыя і цвярозыя людзі пакідаюць смецце ў лесе пасля адпачынку. Трэба выхоўваць дзяцей у гэтым кірунку.

 

Юля кажа, што пасля кожнай акцыі ўдзельнікі сыходзяць вельмі задаволеныя і шчаслівыя, бо зрабілі добрую працу.

Усе ахвотныя паўдельнічаць у прыборцы могуць звяртацца да Юлі Каляды ( +37529 7830845), якая дапамагае скаардынаваць дзейнасць валанцёраў. З сабой трэба мець мяхі для смецця і пальчаткі.