На гродзенскай ЦЭЦ-2 выяўлена перавышэнне радыяцыі ў 50 разоў
Радыяцыйны фон у 6-10 мкЗв/г (што значна перавышае прымальны паказчык) быў замераны ў падвесных элементах катла-ўтылізатара. Гэтае абсталяванне было прывезена з Індыі.
Як высветлілася, усяго ў двух метрах ад небяспечных элементаў фон не перавышае нормы, а значыць здароўю гарадзенцаў нічога не пагражае. Аднак, тэрыторыя вакол агароджаная да часу, пакуль элементы канструкцыі не будуць замененыя. Сфармаваная таксама камісія для высвятлення абставінаў здарэння.
Кантракт з індыйскай кампаніяй BHEL у справе мадэрнізацыі ЦЭЦ-2 і пабудовы новай газатурбіннай устаноўкі быў падпісаны яшчэ ў 2010 годзе. Пад гэтую ініцыятыву была нават выдзеленая асобная крэдытная лінія індыйскага ўраду. Як паведамлялася, індыйскую кампанію (якая, дарэчы, прадукуе турбіны паводле дамовы з сусветнавядомай General Electric) беларускі бок абраў партнёрам дзякуючы “найлепшым эканамічным і тэхнічным умовам паставак”.
Дзяржзамова мела быць кантраляванай урадамі абедзьвух краін. Планавалася ўвесці новы цэх у эксплуатацыю ў снежкі гэтага года.
Паводле 112.by
Здымак energo.grodno.by