Адзін з аўтараў “Гродназнаўства” страціў працу

|

Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч атрымаў СМС-запрашэнне прыйсці ва ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе працаваў, азнаёміцца з загадам аб звальненні і забраць працоўную кніжку.

 


Пра гэта паведамілі сябры гісторыка. Тэлефоны самога Андрэя Чарнякевіча пакуль не адказваюць.

 

Учора стала вядома, што выкладчыкам універсітэта, якія спрычыніліся да выдання кнігі «Гродназнаўства», давялося даваць тлумачэнні супрацоўнікам КДБ. Навукоўцам пагражалі звальненнем. Адным з іх быў кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч.

Галоўныя папрокі, паводле публікацыяў: чаму кніга, маўляў, сканчаецца на 90-х гадах, чаму няма параграфа пра сучаснасць, чаму там толькі бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня і як так атрымалася, што беларускія выкладчыкі дазволілі сабе выдаваць свае працы за мяжой?

 

Самі гісторыкі ад каментароў журналістам адмаўляліся.

 

Каардынатар кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка”, у  якой пабачыла свет кніга, Павел Мажэйка тады казаў:

Складана сказаць, што адбываецца. Кнігі разышліся яшчэ да лета. Мы рабілі прэзентацыі ў дзяржаўных установах, былі сюжэты на тэлебачанні. Тады праблем не было.

 

Здымак http://budzma.org