У суботу – слінгаквэст, у нядзелю – слінгашэсце
Мяккія пераноскі з тканіны выкарыстоўваліся бацькамі ўсіх культур з найстаражытных часоў. Менавіта адраджэнне традыцый стала галоўнай тэмай гэтага тыдня ва ўсім свеце, які так і назвалі – “Працягваючы традыцыі”.
Слінгаквэст
Гульню-брадзілку “Што мы ведаем пра свой горад?” для слінгакаманд падрыхтаваў Пётр Яраш, адзін з топавых аўтараў праекта Найт-сіці. Таму заданні Слінгаквэсту крыху нагадвалі гэтую вельмі папулярную ў гарадзенцаў гульню.
Слінгакаманда “Чырвоны капялюш”
Каманды, а іх было 10, павінны былі не толькі адказаць на каверзныя пытанні з гісторыі Гродна, але разгадаць рэбусы, знайсці коды, патэлефанаваць гісторыкам. А яшчэ адшукаць у горадзе спецыяльную сметніцу для адпрацаваных батарэек (батарэйка прыкладалася!).
Пакуль каманды разбегліся па заданнях, мы з арганізатарамі вырашалі, у якой з каманд было найлепшае прадстаўленне. Менавіта з яго і пачынаўся квэст – мамы і таты з дзецьмі мала таго, што прыдумвалі антураж для сваёй “банды”, дык яшчэ і рабілі тэатралізаванае міні-прадстаўленне, якое ацэньвалася журы, у склад якога ўваходзіла і я.
– У гэтым годзе слінгаквэст сабраў нашмат больш людзей, чым у мінулым, што вельмі цешыць,- распавядае каардынатарка праекта “Дзеці і бацькі Гродна” Ганна Кузняцова.
Праз 1,5 гадзіны ад пачатку гульні ўжо амаль усе каманды выканалі заданні і чакалі бонусны конкурс: здагадацца, якой фірмы той ці іншы слінг. Не ўсе здолелі прайсці гэты пункт квэсту. А як жа! Слінгі навобмацак ды проста візуальна вельмі падобныя.
Здагадацца, што за слінг, – дастаткова цяжка
Слінгашэсце. Балонікі і добры настрой
У нядзелю ладзілася ўжо традыцыйнае слінгашэсце, якое сабрала больш за 30 удзельнікаў, што з балонікамі і добрым настроем прайшліся па Старым горадзе.
Мінакі дзівіліся:
-Што гэта такое?
А мы таксама здзіўляліся – колькі год ужо ў Гродне існуе традыцыя слінганашэння, а людзі не прызвычаіліся. Першыя гарадзенскія “слінгадзеці” пайшлі ў гэтым годзе ў першы клас. І прысутнічалі на слінгашэсці ў якасці ветэранаў гэтага руху.
На заканчэнне была зладжана выстава-прэзентацыя прадукцыі інтэрнэт-крамы Mamamia.By, якая прадставіла некаторыя з прызоў для слінгаквэсту.
Нагадваем, што да 30 верасня на сайце http://mamalama.by у рамках тыдня працягваецца Слінга-фота конкурс, дзе за фотаздымкі ў традыцыйных вобразах таксама можна атрымаць каштоўныя прызы.
Здымкі аўтара