«Мекка» для пешых турыстаў

Праграма па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны пад ёмістым назовам «Спадчына» была прынятая яшчэ ў 1990 г. З таго часу рэгулярна працягваецца тэрмін яе дзеяння (1993, 1995, 1997, …2011), але не рэалізацыя: якасная рэстаўрацыя будынкаў, адкрыццё новых музеяў, галерэяў…

 

Вось і ў час апошняга абмеркавання сітуацыі ў Гроднаграмадзянпраекце ў чэрвені гэтага году высветлілася, што для статусу паўнавартаснай «турыстычнай меккі» гораду не стае як помнікаў з шыльдамі, так і прыбіральняў, пляцовак агляду, стаянак для турыстычнага транспарту.

 

Спынімся на апошнім пункце: аказваецца, турыстычных стаянак у горадзе чамусці робіцца не больш, а менш. Самы яскравы прыклад – фактычная ліквідацыя стаянкі каля Каложскай царквы, на месцы старога кола агляду. Каложская царква – адзін з галоўных турыстычных аб’ектаў горада – знаходзіцца на пэўнай адлегласці ад цэнтра, таму пешкі туды турысты зазвычай не ходзяць.

 

На старой стаянцы ў Каложскім парку засталіся толькі будаўнічыя вагончыкі

 

Пасля пабудовы новага парафіяльнага цэнтра РПЦ і добраўпарадкавання тэрыторыі на месцы былой стаянкі стаіць знак «пешаходнай зоны». Здавалася б: новую стаянку зрабілі побач, у чым праблема? Там, аднак, з цяжкасцю развернецца і адзін вялікі аўтобус пры ўмове, што побач не будзе іншага транспарту… У выніку турысты ўсё адно паркуюцца на старым месцы, кожны раз рызыкуючы заплаціць штраф у пару сотняў тысяч – летам такія прэцэдэнты ўжо былі.

 

«Мікра-стаянка» каля Каложскай царквы

 

Папулярнай сярод турыстаў з’яўляецца «стаянка» на ўзбочыне дарогі паміж Старым і Новым замкамі, пад схілам замкавай гары. Яна пры гэтым таксама нелегальная, то бок любы там прыпаркаваны аўтобус можа быць аштрафаваны, а ў дадатак яшчэ і не вельмі бяспечная – транспарт там стаіць фактычна на крутым схіле.

 

Традыцыйнае месца паркоўкі для турыстаў – пад Старым Замкам. Здымак touroid.ru

 

Стаянка каля драматычнага тэатра – ведамственная, на невялічкай пляцоўцы каля гасцініцы «Нёман» ледзь хапае месца легкавым аўто… Застаюцца яшчэ дзве пляцоўкі: былая платная стаянка каля сінагогі ды каля крамы «Крышталь». Першая актыўна выкарыстоўваецца турыстамі, другая – значна менш з прычыны цяжкасці ў пераводзе вялікай групы людзей праз ажыўленую вуліцу Вялікую Траецкую. Але ж згодна з прагнозамі гарадзенскіх чыноўнікаў гэтыя тэрыторыі будуць запатрабаваныя ў наступным годзе дзеля пабудовы «дублёра Вялікай Траецкай», пра што неаднойчы казаў намеснік старшыні гарвыканкама Уладзімір Дзяшко.

 

Пустка на месцы былой стаянкі каля сінагогі

 

Атрымліваецца, што легальна прыпаркаваць турыстычны транспарт у цэнтры фактычна немагчыма. Уявіце сабе, што вас настойліва запрашаюць у рэстаран, дзе няма посуду, а тых, хто прыходзіць са сваім – «штрафуюць». На такім фоне ўсе размовы пра смачную кухню падаліся б здзекам.

 

Стаянка на Вялікай Траецкай

 

P.S. Канец лета зусім не азначае канец турыстычнага сезона. Наперадзе школьныя вакацыі, цягам якіх у наш горад пацягнуцца аўтобусы з падлеткамі з Мінска, Брэста, Ліды…

 

Здымкі аўтара і touroid.ru